Затрыманні каля Мінскага абласнога суда. Скрыншот з відэа Юлію затрымалі 11 верасня каля будынку Менскага абласнога суду перад пачаткам працэсу супраць страйкаму «Беларуськалію», паведамляе Свабода.

У той дзень мянчанка Юлія разам зь іншымі людзьмі прыйшла да будынку суду падтрымаць прадстаўнікоў страйкаму «Беларуськалію». Кіраўніцтва прадпрыемства патрабавала прызнаць страйк незаконным. Прыехалі сілавікі і пачалі затрымліваць людзей проста перад судом. Гэтаксама затрымалі і Юлію.

На Юлію завялі крымінальную справу. Дзяўчына выйшла на свабоду, але ўжо заўтра, 15 верасьня, павінна зьявіцца на допыт.

«Сёньня Юлю вызвалілі, — сказала Свабодзе маці Юліі Алена. — Заўтра мы ідзем да сьледчага на допыт. На дачку завялі крымінальную справу паводле артыкула 364 (гвалт у дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў)». Будзем змагацца. Мы маем трох сьведак, якія былі там. Бачылі, што адбывалася. Яны гатовыя даваць паказаньні ў судзе».

Жанчына дадае, што сям’я Юліі працягвае шукаць і іншых сьведак, будуць удзячныя любой дапамозе.

«Малады чалавек Юліі пакуль знаходзіцца ў ІЧУ на Акрэсьціна, — расказала Алена. — На яго крымінальнай справы не заводзілі, толькі адміністрацыйны пратакол. Але суду яшчэ не было».

У канцы жніўня МУС паведаміла, што ў Беларусі з пачатку жніўня завялі 141 крымінальную справу за гвалт над супрацоўнікамі міліцыі, альбо пагрозу гвалту. Інфармацыі пра завядзеньне спраў па фактах гвалту над пратэстоўцамі і катаваньня іх пакуль няма.

Крыніца: На дзяўчыну, якая сарвала маску з міліцыянера ў Мінску, завялі крымінальную справу