Фігуранта крымінальнай "справы Ціханоўскага" Вяргілія Ушака затрымалі 31 жніўня для адбыцця адміністрацыйнага арышта за інцыдэнт 29 траўня ў Гродне на пікеце па збору подпісаў за Святлану Ціханоўскую. Вяргілій, які знаходзіцца ў статусе абвінавачанага па арт. 342 Крымінальнага кодэкса па гэтай жа справе, мусіць адбыць сем сутак адміністрацыйнага арышту.   Як распавяла "Вясне" яго нявеста Надзея, Вяргілія Ушака затрымалі каля 16 гадзін 31 жніўня ў Полацку. Яны загадзя набылі электронныя квіткі на цягнік "Полацк-Мінск". Калі Вяргілій і Надзея прыйшлі на пасадку, то іх там ужо чакалі супрацоўнікі міліцыі. Вяргілію прад'явілі пастанову суда Ленінскага раёна Гродна, па якой яго асудзілі 2 ліпеня на сем сутак арышту па двух артыкулах КаАП: 17.1 (дробнае хуліганства) і 23.4 (непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў). 

Вяргілій Ушак. Фота: spring96.org
Вяргілій Ушак. Фота: spring96.org

"Ніхто не прадстаўляўся. Проста тыкнулі пастанову і сказалі: "Прайдзёмце з намі", – распавядае Надзея.

Супрацоўнікі міліцыі сказалі, што "суткі" Вяргілій Ушак будзе адбываць у Полацкім РАУСе.

Нагадаем, Вяргілія Ушака затрымалі 29 траўня ў Гродне на выбарчым пікеце па зборы подпісаў. Ён здымаў на відэа пікет, які вёў тады кіраўнік ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай блогер youtube-канала "Краіна для жыцця" Сяргей Ціханоўскі. Вяргілію выставілі абвінавачванне па артыкулу 342 Крымінальнага кодэкса (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Беларуская праваабарончая супольнасць прызнала яго палітычным зняволеным, а міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International – вязнем сумлення. Пасля двух месяцаў зняволення Вяргілія Ушака выпусцілі на волю па падпісцы аб нявыездзе. Ён застаецца ў статусе абвінавачанага па арт. 342 Крымінальнага кодэкса. 

Палітвязень Вяргілій Ушак – пра свае 2 месяцы зняволення па "справе Ціханоўскага"

Як прайшлі два месяцы Вяргілія ў зняволенні, што ён адчуваў пасля вызвалення, чаму яму не ўдалося забраць на свабоду лісты – чытайце ў матэрыяле "Вясны".

Крыніца: Фігуранта "справы Ціханоўскага" Вяргілія Ушака адправілі адбываць "суткі" за гродзенскі пікет 29 траўня