Затрыманне журналістаў у Мінску 27 жніўня. Фота: "Наша Ніва". У Мінску і іншых гарадах Беларусі ў пятніцу 28 жніўня адбудуцца суды над удзельнікамі шматлікіх акцый пратэсту, затрыманымі напярэдадні  і журналістамі.

Затрыманых на плошчы Свабоды і плошчы Незалежнасці ў Менску вечарам 27 жніўня журналістаў пасля праверкі дакументаў адпусцілі. Але ня ўсіх.

Па інфармацыі прэс-службы ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" на чатырох з іх склалі пратаколы за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі (гэтыя журналісты адмовіліся даваць свае смартфоны на праверку супрацоўнікам міліцыі): Кацярына Андрэева, Максім Гарчанак, Аляксандр Васюковіч, Андрэй Ярашэвіч. Іх пакінулі ў ізалятары часовага ўтрымання да суда.

Вядома мінімум пра адну дэпартацыю. Гэта шведскі журналіст Пол Хансен. Да Кастрычніцкага РУУС, дзе знаходзіліся затрыманыя журналісты, прыехала амбасадар Швецыі ў Беларусі Крысціна Юханесан. Пол Хансэн заўтра павінен пакінуць Беларусь. Яму забаронены ўезд у нашу краіну на 5 гадоў.

Журналістку БелаПАН Таццяну Каравянкову з РАУС забрала "хуткая".

Спіс затрыманых у Мінску вечарам 27 жніўня

27 жніўня ў Беларусі працягваўся пераслед актывістаў і незалежных СМІ. У офіс рэдакцый выданняў Kyky.org і The Village Беларусь прыйшлі з ператрусам, працягваюцца суды над удзельнікамі акцый пратэсту, адбываюцца новыя затрыманні.

 Гомель

У судзе Чыгуначнага раёна Гомеля 28 жніўня ў 9.30 адбудзецца разгляд трох адміністрацыйных пратаколаў, складзеных супраць яшчэ аднаго затрыманага ў ноч пасля "выбараў", ужо звольненага экс-супрацоўніка МНС Андрэя Васілішчанкі. Яго, як і іншых удзельнікаў пратэстных акцый, таксама затрымалі, аднак адпусцілі да суда па прыбыцці службы ўласнай бяспекі.

У гэты ж дзень, у 9.30 у судзе Цэнтральнага раёна Гомеля будзе разглядацца адміністрацыйная справа затрыманай і адпушчанай да суда 18-гадовай гамяльчанкі Елізаветы Кіржанавай, якую абвінавачваюць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мітынгу. Пасля затрымання ў яе спрабавалі разблакаваць тэлефон, а калі атрымалі адмову - моцна збілі. Дзяўчына зняла пабоі і патрабуе ўзбуджэння крымінальнай справы.

Тксама заўтра з 14.30 да 15.30 пройдуць апеляцыі па арышце на 15 сутак Мікіты Шалаева (суддзя Цэнтральнага раёна Марына Домненка), на 10 сутак Паўла Пагарцава (суддзя Цэнтральнага раёна Віктар Казачак), на штраф 810 руб.Леаніду Пузікаву, на штраф 405 руб. Дзянісу Пазнякову (суддзя Чыгуначнага раёна Мікалай Крупадзёраў), на штраф 1215 руб. Ганне Карэцкай, на штраф 810 руб. Аляксандры Рымаравай (суддзя Савецкага раёна Яўген Шаршнёў).

Брэст.

Сёння ў 10-00 тут пачнецца суд над вакалістам гурта "Дай Дарогу" Юрыем Стыльскім. Суд Ленінскага раёна (праспект Машэрава, 8) разгледзіць справу па артыкуле 23.34 КаАН (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў "). Нагадаем, 15 жніўня 2020 года Юра Стыльскі і некалькі дзяўчат прарваліся на ачэпленую плошчу Леніна з б-ч-б сцягам.

Юрый Стыльскі. Фота: binkl.by

Светлагорск

У Светлагорскім раённым судзе ў пятніцу а 14-00 у пачнецца разгляд справы Вадзіма Паветкі, якога вінавацяць у парушэнні па ч. 1 арт. 23.34  за ўдзел у велапрабегу. Вадзім быў затрыманы 9 жніўня і змешчаны ў ІЧУ, а адтуль ён быў дастаўлены у шпіталь.

Крыніца: Пятніца, 28 жніўня. Хроніка пераследу