Затрыманні і складанне пратаколаў за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах працягваюцца 24 жніўня.
Мінск
Сябраў прэзідыўму Каардынацыйнай рады Вольгу Кавалькову і Сяргея Дылеўскага затрымалі на прахадной МТЗ. Пазней стала вядома, што іх затрымалі за незаконную арганізацыю забастовак.
Каля МТЗ затрымалі Кавалькову і Дылеўскага з прэзідыўму Каардынацыйнай рады
Служба аховы Мінскага заводу колавых цягачоў затрымала старшыню страйкаму прадпрыемства Аляксандра Лаўрыновіча. Як паспеў распавесці "Радыё Свабода" сам інжынэр-электронік МЗКЦ, «паляваць» на яго пачалі яшчэ ў мінулы чацвер.
Напярэдадні ён абвесціў, што будзе ананімнае апытаньне сярод рабочых за пачатак страйку. Аднак а 6-й раніцы, калі пачынала працу першая зьмена, прахадная была ачэпленая міліцыяй. Людзям не дазвалялі нават прыпыняцца, анкеты пранесці таксама не ўдалося.
Салігорск
У Салігорску быў затрыманы сустаршыня стачкаму "Беларуськалія" Анатоль Бокун. Як паведамляе тэлеграм-канал стачкаму, на дадзены момант ён знаходзіцца ў засценках РАУС. Таксама па інфармацыі стачкама, на ўсіх членаў стачкама ААТ "Беларуськалій" будуць складзеныя пратаколы і заведзеныя справы за арганізацыю і ўдзел у "несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах".
Глыбокае і Верхнядзвінск
Глыбокім і Верхнядзвінску на некалькіх удзельнікаў пратэстовых мірных акцый склалі пратаколы. Яраслава Берніковіча затрымала міліцыя, суд мусіць адбыцца 24 жніўня. Усіх іх вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаваных мітынгах. На дадзены момант такіх пратаколаў ужо чатыры.
На 24 жніўня ў міліцыю выклікалі яшчэ адну актывістку Людмілу Барэйка з Глыбокага.
Магілёў
"Белсат" паведамляе пра затрыманне мужчыны, які выйшаў на адзіночны пікет на плошчу Леніна з чырвона-зялёным і бел-чырвона-белым сцягамі.
Гродна
У судзе Ленінскага раёна на 17.15 запланаваны разгляд справы даверанай асобы Святланы Ціханоўскай Дзмітрыя Ціта. Яго будуць судзіць за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі па арт. 23.4 КаАП.
Крыніца: Затрыманні, суды і новыя пратаколы. Хроніка пераследу за 24 жніўня