Адразу пасля трагічных падзеяў 9-13 жніўня, калі тысячы людзей па ўсёй Беларусі былі гвалтоўна затрыманыя і ізаляваныя ў самыя розныя, часам непрыдатныя для гэтага месцы ўтрымання, іх родныя і блізкія па некалькі дзён намагаліся ўстанавіць іх месцазнаходжанне. Дзякуючы вялікай працы валанцёраў і праваабаронцаў, а затым ужо і праваахоўных органаў былі складзеныя спісы з прозвішчамі затрыманых і іх месцазнаходжаннем.
Аднак і дагэтуль месцазнаходжанне і лёс некаторых грамадзян устанавіць не ўдалося.
Яшчэ 14 жніўня партал TUT.BY запусціў сэрвіс для дапамогі ў пошуку зніклых пасля выбараў людзей. Адзін час такіх людзей у спісе было больш за 70. Супрацоўнікі Міністэрства ўнутраных спраў вымушыныя былі правесці праверку гэтага спісу, пасля чаго ён паменшыўся да 30-ці чалавек.
“Супрацоўнікамі крымінальнай міліцыі МУС правераны асобы больш за 70 удзельнікаў несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў (якія прайшлі ў краіне з 9 па 13 жніўня), чые дадзеныя апублікаваныя на партале ТUТ.BY і ў розных сацыяльных сетках, - распавялі TUT.BY у МУС. - Размешчаная інфармацыя не ў поўнай меры адпавядае рэчаіснасці: многія з названых грамадзян знаходзяцца дома, а інфармацыя аб іх вышуку не выдаляецца своечасова”.
Па стане на раніцу 21 жніўня ў гэтым спісе застаецца 9 асоб. Прозвішчы двух грамадзян супадаюць са свесткамі, якімі валодае Праваабарончы цэнтр “Вясна”.
Гэта:
Крыўцоў Мікіта Сяргеевіч, 1992 года нараджэння. Жонка зніклага паведамляе, што ягоны тэлефон апошні раз быў уключаны ў адным з Рэспубліканскіх цэнтраў РНПЦ. Там яго адшукаць не ўдалося.
Другі чалавек - жыхар Мінска Аляксей Палуйка. Пра яго вядома, што ён перастаў адказваць на тэлефанаванні ўначы з 11 на 12 жніўня. Меркавана, знік у цэнтры Мінску.
Цягам апошніх дзён праваабаронцы ўстанавілі лёс яшчэ дваіх зніклых, адзін з якіх знайшоўся ў СІЗА як падазраваны па крымінальнай справе. Зараз вясноўцы збіраюць дадатковыя звесткі пра яшчэ аднаго зніклага.
У гэтай сітуацыі МУС раіць найперш звяртацца да іх. Заяву аб знікненні чалавека можна напісаць у любым найбліжэйшым аддзеле ці ўпраўленні ўнутраных спраў незалежна ад месца пражывання зніклага і заяўніка. Інфармацыя будзе перададзена ва ўсе органы ўнутраных спраў рэспублікі.
“Вясна” працуе над пошукам зніклых падчас акцый пратэсту грамадзян. Звяртайцеся!
Крыніца: Што вядома “Вясне” пра зніклых пасля акцый пратэсту грамадзянах?