Капітана міліцыі з Наваполацка Ягора Емяльянава затрымалі пасля таго, як ён выклаў у сацсеткі фота пасведчання і пагонаў з подпісам:

"17 гадоў службы скончаны. Маё сумленне чыстае. Міліцыя з народам".

Інфармацыю пра затрыманне Нашай Ніве пацвердзіла жонка Ягора Емяльянава Марына.

"Яму патэлефанавалі з працы. Сказалі, што трэба падысці падпісаць дакументы, акт прыёму-перадачы форменнай вопраткі. Аператыўна закрыць пытанне. Мы з ім былі на сувязі, планавалі ў гэты дзень сямейную вячэру.

У 17:55 я яму тэлефанавала, ён яшчэ быў у аддзеле, афармляў дакументы. У 19:55 я патэлефанавала зноў, хацела дамовіцца, хто забярэ нашу малодшую дачку, ёй тры гады. Ён паведаміў, што затрыманы. За што? Сказаў, што пакуль не ведае", – распавядае Марына.

Па тых папярэдніх дадзеных, якімі валодае Марына, муж праходзіць па артыкуле 23.34 КаАП – парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў. У ГУУС падрабязнасцяў не паведамляюць.

"Ён чалавек з абвостраным пачуццём справядлівасці. Непрыемная сітуацыя ў краіне, ён не хацеў удзельнічаць. Калі з'явілася рызыка ўвядзення надзвычайнага становішча, мы пагаварылі і вырашылі, што прыйшоў час звальняцца. Ён адразу ж паехаў", – адзначае Марына.

Судовае пасяджэнне запланавана на сёння 13 жніўня.

Крыніца: Капітана міліцыі затрымалі адразу пасля звальнення з органаў