Мадэратар дыскусіі Ігар Казмярчук, каардынатар кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі" Андрэй Палуда, пісьменніца Паліна Сцепаненка У аграсядзібе ў вёсцы Стаўры, што пад Воршай, 6 кастрычніка адбылася дыскусія на тэму сувязі масавых рэпрэсій мінулага і смяротнага пакарання, а таксама прэзентацыя дакументальнага фільма “Гісторыя смяротнага пакарання ў Беларусі”. Адным з выступоўцаў на мерапрыемстве быў каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Андрэй Палуда.

На пачатку дыскусіі актывіст з Віцебску, стваральнік ініцыятывы “Хайсы – віцебскія Курапаты” Ян Дзяржаўцаў распавёў прысутным пра змаганне за афіцыйнае прызнанне таго, што ў лесе каля вёскі Хайсы ў 1937-38 гады НКВД здзяйсняў масавыя забойствы. Па словах актывіста, сённяшнія ўлады не зацікаўлены ў прызнанні тых злачынстваў, якія рабілі іх папярэднікі.

Выступ Яна Дзяржаўцава
Выступ Яна Дзяржаўцава

“З таго часу, калі мы ў 2014 годзе знайшлі гэтае жахлівае месца з парышткамі, з прастрэленымі чарапамі людзей, мы вядзем перапіску з уладамі, якая па колькасці лістоў ужо цягне на кнігу. Улады не жадаюць бачыць, што расстраляныя ў Хайсах людзі – ахвяры сталінскіх рэпрэсій. Яны ўвесь час спрабуюць знайсці там нямецкі след і павярнуць усё ў іншы бок. Так, больше за 170 парышткаў, якія тады знайшлі, былі пахаваныя ў брацкай магіле як ахвяры Вялікай Айчыннай вайны. У 2016 годзе нам адназначна адмовілі на наш запыт аб усталяванні мемарыялу на месцы расстрэлаў. Аднак у гэтым годзе былі знойдзены новыя месцы масавых пахаванняў, і таму пытанне аб усталяванні з Хайсах мемарыялу загучала з новай сілай. Спадзяюся, у рэшце рэшт яно вырашыцца станоўча”.

Ян Дзяржаўцаў дадаў, што пакуль улады не прынялі рашэння адносна Хайсаў, актывісты сваімі намаганнямі робяць народны мемарыял. Зараз на месцы масавых расстрэлаў усталяваныя 33 крыжы.

Пісьменніца, сцэнарыстка фільмаў пра смяротнае пакаранне Паліна Сцепаненка выказала меркаванне, што расстрэлы савецкіх часоў - гэта не што іншае, як смяротнае пакаранне, якое існавала ў большасці сваёй па палітычных артыкулах.

Паліна Сцепаненка
Паліна Сцепаненка

“Мяне заўсёды здзіўляе, калі масавыя расстрэлы па палітычных матывах часоў СССР аддзяляюць ад паняцця “смяротнае пакаранне”. Рэпрэсіі здзяйснялі, абапіраючыся на закон тых часоў, і смяротныя прысуды ў сучаснасці выносяцца паводле рашэння суда. Калі зараз мы кажам такія словы, як “тэрор”, “рэпрэсіі”, то шмат у каго гэта выклікае асацыяцыі, быццам людзей хапалі, вывозілі ў лес і там расстрэльвалі без суда і следства. Але ўсё было інакш. Спачатку людзей арыштоўвалі, у іх рабіліся вобшук, і усё гэта адпавядала законнай на той час працэдуры. Затым было следства, падчас якога пры дапамозе катаванняў людзей прымушаль агаворваць сябе і сваіх сваякоў, і толькі потым быў суд, на якім ужо прымалася канчатковае рашэнне”.

У адрозненні ад СССР трыццатых гадоў, калі смяротнае пакаранне магчыма было атрымаць за 50 складаў злачынстваў, у сучаснай Беларусі максімальная мера пакарання прадугледжваецца 13 артыкуламі Крымінальнага кодэксу. Аднак сувязь з “расстрэльным” мінулым вельмі моцная, выказаў упэўненасць каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Андрэй Палуда. Ён адзначыў, што працэдура прывядзення ў выкананне смяротнага прысуда ў нашай краіне засталася, па вялікаму рахунку, такая ж самая, якой яна была ў савецкія часы.

Андрэй Палуда
Андрэй Палуда

“Калі смяротны прысуд здзейснены, месца пахавання чалавека яго сваякам не называецца, цела не выдаецца. У сваякоў няма месца, куды б яны змаглі прыйсці і ўзгадаць свайго блізкага. І ўсё гэта паходзіць з тых савецкіх часоў, калі працэдура была засакрэчаная. Нават фармулёўка “убыў па прысудзе” з’яўляецца своеасаблівым мастком у мінулае, бо, атрымліваючы такі адказ наконт лёса свайго блізкага чалавека, сваякі не могуць адразу зразумець, што таго ўжо няма ў жывых”.

Падчас свайго выступу праваабаронца падкрэсліў, што інстытут смяротнага пакарання сапраўды шматгранны і закранае не толькі сам працэс выканання пакарання, але і яшчэ шмат іншых сфер.

“Заўсёды трэба памятаць, што калі ёсць верагоднасць судовай памылкі, а такая верагоднасць існуе амаль заўсёды, і існуе смяротнае пакаранне, то коштам гэтай памылкі можа стаць жыццё чалавека. Дастаткова ўзгадаць справу Міхаіла Гладкага ці “віцебскую справу”, па якой памылкова асудзілі 13 чалавек і аднаго з іх, Міхаіла Цярэню, расстралялі. Таксама нельга забываць пра тое, што наяўнасць сістэмы смяротнага пакарання падтрымліваецца канкрэтнымі людзьмі. І гэта не толькі тыя людзі, што націскаюць на курок, гэта і суддзі, якія выносяць такія прысуды, гэта і пракуроры, якія адсочваюць іх вакананне, гэта і ўрачы, якія канстатуюць смерць. І гэтых людзей не так мала, як можа спачатку падацца. І калі мы пастаянна чуем, што таго ці іншага чалавека могуць расстраляць ці будуць дакладна расстрэльваць, гэта моцна ўплывае на наша грамадства, і спіраль жорсткасці яшчэ больш закручваецца”, - адзначыў Андрэй Палуда.

Калі асноўныя выступы скончыліся, паміж гасцямі і выступоўцамі адбылася сапраўды гарачая дыскусія, падчас якой закраналіся шэраг пытанняў, сярод якіх працэдура і магчымасць абскарджвання выключнай меры пакарання, прымянення смяротнага пакарання ў выпадку масавых забойстваў, захаванне смяротнага пакарання ў ЗША. А пасля сканчэння дыскусіі і імпрэзы аршанскага паэта Алеся Макарэвіча госці мерапрыемства ўбачылі новы дакументальны фільм рэжысёра Віктара Трацякова “Гісторыя смяротнага пакарання ў Беларусі”. Фільм створаны ў межах кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” і распавядае, якіой была эвалюція смяротнае пакаранне на тэрыторыі краіны з часоў ВКЛ і па сённяшні дзень.

orsha4111.jpg
выступ паэта Алеся Макарэвіча

Крыніца: Пад Воршай прэзентавалі фільм пра гісторыю смяротнага пакарання і абмеркавалі яго сувязь з рэпрэсіямі мінулага Фота