Барыкады ў Мінску. Фота: Еўрарадыё. Зварот сябраў Платформы грамадзянскай салідарнасці

Ніжэйпадпісаныя арганізацыі, сябры Платформы грамадзянскай салідарнасці, выказваюць сваё ўзрушэнне і абурэнне з нагоды таго, як урад маніпуляваў прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі 9 жніўня.

Мы падтрымліваем мірныя пратэсты беларусаў супраць гэтага ганебнага парушэння стандартаў правядзення выбараў, ўзгодненых ў рамках АБСЕ. Мы рашуча асуджаем непрапарцыйнае і празмернае ўжыванне гвалту сіламі бяспекі і масавыя затрыманні некалькіх тысяч удзельнікаў пратэстаў па ўсёй краіне.

Тыдні, якія папярэднічалі дню выбараў, былі азмрочаныя сістэмнымі і сістэматычнымі парушэннямі асноўных правоў і свабод. У такім становішчы адсутнічалі ўмовы для свабодных і справядлівых выбараў у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі. Мы сталі сведкамі таго, як незалежных кандыдатаў незаконна пазбавілі права ўдзельнічаць у выбарах. Некалькі кандыдатаў, іх прыхільнікі і іншыя асобы, якія ставяць пад сумнеў бягучую палітыку ўрада, падвяргаліся пераследам з ужываннем крымінальных і адміністрацыйных мер, а іх свабода выказвання меркавання была сур'ёзна абмежаваная. Паводле звестак беларускіх праваабарончых арганізацый, напярэдадні выбараў пад вартай знаходзіліся 26 палітычных зняволеных. Незалежнае ўнутранае назіранне за выбарамі было сарвана пад ілжывымі падставамі, і многія незалежныя назіральнікі былі незаконна затрыманыя. Міжнароднае назіранне за выбарамі, у тым ліку з боку АБСЕ, было заблакавана ўладамі. Асвятленне выбараў у СМІ было жорстка абмежаванае.

У дзень выбараў тыя нешматлікія незалежныя назіральнікі за выбарамі, якія прысутнічалі на выбарчых участках, а таксама журналісты і грамадскія актывісты паведамілі аб масавых фальсіфікацыях. Шэраг замежных журналістаў былі затрыманыя і дастаўленыя ў аддзяленні міліцыі з-за адсутнасці акрэдытацыі, на якую большасць з іх своечасова падавалі заяўкі, але атрымалі адмовы. Інтэрнэт і мабільная сувязь у краіне працавалі дрэнна з самае раніцы ў дзень выбараў, і большасць сацыяльных сетак і незалежных навінавых сайтаў былі заблакаваныя. Да вечара ў Мінск прыбыла ваенная тэхніка; грамадскі транспарт не функцыянаваў. Пасля абвяшчэння папярэдніх афіцыйных вынікаў выбараў увечары 9 жніўня масавыя мірныя акцыі пратэсту пачаліся ў цэнтрах Менска, Берасця, Магілёва і дзясяткаў іншых гарадоў краіны. Сведкі паведамлялі аб жорсткіх нападах супрацоўнікаў АМАПа на пратэстоўцаў. Яны выкарыстоўвалі вадамёты, святлосігнальныя гранаты, гумовыя кулі, слёзатачывы газ і жорсткую сілу супраць пратэстуючых. Дзясяткі параненых з боку ўдзельнікаў пратэстаў знаходзяцца ў шпіталях; некаторыя знаходзяцца ў крытычным стане. Па афіцыйных дадзеных, затрымана не менш за трох тысяч пратэстоўцаў.

Улічваючы развіццё падзей напярэдадні выбараў і ў дзень выбараў, мы лічым гэтыя выбары самымі жорсткімі і непразрыстымі ў сучаснай гісторыі Беларусі. Афіцыйныя вынікі выбараў нельга лічыць адлюстраваннем сапраўднай волі беларускага народа

Мы патрабуем ад уладаў Беларусі:

  • прызнаць масавыя парушэнні пры правядзенні выбараў і апублікаваць вынікі выбараў, якія адлюстроўваюць сапраўдны выбар беларускага народа;
  • ўступіць у прамы дыялог з прадстаўнікамі незалежных кандыдатаў, каб знайсці мірны і законны выхад з крызісу;
  • неадкладна спыніць неабгрунтаваны гвалт у дачыненні да пратэстоўцаў, вызваліць затрыманых і паважаць права на мірныя сходы;
  • выконваць правы ўсіх затрыманых, неадкладна паведамляць членам іх сем'яў аб іх месцазнаходжанні і забяспечваць бесперашкодны доступ для адвакатаў;
  • правесці незалежнае, хуткае і эфектыўнае расследаванне выпадкаў гвалту з максімальнай празрыстасцю і пад міжнародным кантролем, каб пакласці канец беспакаранасці з боку сіл бяспекі;
  • спыніць блакаванне Інтэрнэту і стварэнне перашкод для працы журналістаў.

Мы заклікаем міжнародную супольнасць і, у прыватнасці, іншыя дзяржавы-ўдзельніцы АБСЕ:

  • не прызнаваць афіцыйна абвешчаныя вынікі выбараў;
  • накіраваць неадкладныя намаганні на дэ-эскалацыю і пачатак апасродкаванага дыялогу аб мірным выхадзе з крызісу з захаваннем прынцыпаў міжнароднага права, які павінен уключаць усе пласты беларускага грамадства, якія хочуць удзельнічаць у гэтым працэсе;
  • правесці тэрміновае абмеркаванне крызісу ў Беларусі ў рамках АБСЕ і разгледзець магчымасць выкарыстання Маскоўскага механізму АБСЕ як найбольш актуальнага і мэтазгоднага спосабу правядзення міжнародна-прызнанага расследавання падзей у Беларусі;
  • правесці тэрміновыя кансультацыі па падзеях у Беларусі ў рамках ЕС і разгледзець магчымасць прыняцця актуальных і адэкватных мер рэагавання на, магчыма, самыя жорсткія і непразрыстыя выбары ў сучаснай гісторыі Беларусі;
  • правесці тэрміновае абмеркаванне крызісу ў Беларусі на маючым адбыцца пасяджэнні Рады ААН па правах чалавека. Мы заклікаем Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека ўзяць на сябе вядучую ролю ў фармуляванні рэакцыі Упраўлення Вярхоўнага Камісара ААН па правах чалавека на падзеі ў Беларусі, а Спецыяльнага дакладчыка ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі падрыхтаваць тэрміновы даклад і прадставіць яго на маючай адбыцца сесіі Генеральнай Асамблеі ААН.

Спіс арганізацый, якія падтрымалі зварот:

  1. Цэнтр грамадзянскіх свабодаў (Украіна)
  2. Center for Participation and Development (Грузія)
  3. Truth Hounds (Украіна)
  4. Венгерскі Хельсінкскі камітэт
  5. Асацыяцыя ўкраінскіх манітораў захавання правоў чалавека ў дзейнасці праваахоўных органаў (Украіна)
  6. Фонд "Грамадскі вердыкт" (Расія)
  7. Балгарскі Хельсінкскі Камітэт
  8. Фундацыя рэгіянальных ініцыятыў (Украіна)
  9. Хельсінкскі Камітэт правоў чалавека ў Сербіі
  10. Міжнароднае партнёрства для правоў чалавека (Бельгія)
  11. Сусветная Арганізацыя супраць катаванняў (Бельгія)
  12. Цэнтр па правах чалавека (Грузія)
  13. Харкаўскі рэгіянальны фонд "грамадская альтэрнатыва" (Украіна)
  14. Грамадскае аб'яднанне "Годнасць" (Казахстан)
  15. Нідэрландскі Хельсінкскі Камітэт
  16. Цэнтр па правах чалавека "Зміна" (Украіна)
  17. Хельсінкская грамадзянская Асамблея - Ванадзор (Арменія)
  18. ДРА - Нямецка-рускі абмен (Германія)
  19. Цэнтр развіцця дэмакратыі і правоў чалавека (Расія)
  20. Беларускі дом правоў чалавека імя Б. Звозскава
  21. Freedom Files (Польшча)
  22. Офіс грамадзянскіх свабод (Таджыкістан)
  23. Фонд Дамоў правоў чалавека (Нарвегія)
  24. Хельсінкскі фонд па правах чалавека (Польшча)
  25. Цэнтр  "Сацыяльнае дзеянне" (Украіна)
  26. Грамадскае аб'яднанне «Праваабарончы рух: Бір Дуйно Кыргызстан»
  27. Швейцарскі Хельсінкскі Камітэт
  28. Грамадзянскі кантроль (Расія)
  29. Нарвежскі Хельсінкскі Камітэт
  30. Інстытут свабоды і бяспекі журналістаў (Азербайджан/Швейцарыя)
  31. Клуб правоў чалавека (Азербайджан/Швейцарыя)
  32. Маскоўская Хельсінкская група (Расія)
  33. Грамадскі фонд "Голас свабоды" (Кыргызстан)
  34. Праваабарончы цэнтр "Мемарыял" (Расія)
  35. Сетка АБСЕ (Швецыя)
  36. Інфармацыйна-аналітычны цэнтр «СОВА» (Расія)
  37. Жанчыны Дона (Расія)
  38. Праваабарончы цэнтр Азербайджана
  39. Казахстанскае Міжнароднае бюро па правах чалавека і захаванні законнасці
  40. Хельсінская асацыяцыя (Арменія)
  41. Грузінскі цэнтр псіхасацыяльнай і медыцынскай рэабілітацыі ахвяр катаванняў
  42. CH (Switzerland)
  43. Прома ЛЕКС (Малдова)
  44. Хельсінкскі Камітэт па правах чалавека ў Славакіі

Інфармацыя Праваабарончага цэнтра "Мемарыял"

Крыніца: Міжнародная супольнасць аб фальсіфікацыі выбараў і маштабнае гвалт у дачыненні да ўдзельнікаў мірных пратэстаў у Беларусі