Пратэсты на вуліцах Мінска пасля выбараў прэзідэнта. Фота TUT.BY Прадстаўнікі Amnesty International у Мінску сталі сведкамі жахлівага гвалту з боку спецназа ў дачыненні да мірных дэманстрантаў, якія выйшлі ўчора ўвечары на вуліцы горада пасля абвяшчэння папярэдніх вынікаў выбараў, якія яны лічаць сфальсіфікаванымі. Яны выступілі з заявай. 

"Афіцыйныя вынікі экзіт-полаў, абвешчаныя ўрадам, паказваюць на перамогу дзеючага прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, што супярэчыць неафіцыйным апытанням і грамадскім настроям".

Ужыванне гвалту з боку міліцыі пасля выбараў з'яўляецца звыклай тактыкай уладаў у Беларусі, дзе ўсе формы іншадумства жорстка душацца. Учора ўвечары прадстаўнікі Amnesty International на свае вочы пераканаліся ў жорсткасці міліцыі, якая невыбіральна ўжывала сілу, у прыватнасці, светлашумавыя гранаты, супраць мірнага натоўпу, а таксама адвольна затрымлівала людзей, нават тых, хто знаходзіўся далёка ад пратэстаў.

Мары Стразэрс, дырэктар рэгіянальнага офіса Amnesty International ва Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі

"На адным з відэа бачна, як міліцэйскі фургон на поўнай хуткасці наязджае на пратэстоўца. Гэтыя кадры адлюстроўваюць усю бязлітаснасць дзеянняў беларускай міліцыі і ў чарговы раз даказваюць, чаму так шмат людзей у Беларусі адчайна хочуць пераменаў".

Учора ноччу ў Мінску загінуў адзін пратэстовец, яшчэ дзясяткі атрымалі сур'ёзныя раненні.

У СМІ паступалі паведамленні аб прымяненні гвалту з боку пратэстоўцаў. Прааналізаваўшы даступныя матэрыялы, Amnesty International ацэньвае гэтыя інцыдэнты як адказ на жорсткія дзеянні міліцыі. Прадстаўнікі Amnesty International заявілі, што яны не зафіксавалі ніводнага выпадку гвалту з боку пратэстоўцаў; аднак яны бачылі, як міліцыя ўжывала невыбіральны гвалт у дачыненні да дэманстрантаў.

"Сутыкненняў, у выніку якіх былі параненыя як пратэстоўцы, так і міліцыя, можна было б пазбегнуць, калі б праваахоўныя органы паважалі права ўдзельнікаў пратэстаў на свабоду мірных сходаў. Міліцыя дзейнічала па-за законам, які яны павінны былі абараняць", - адзначыла Мары Стразэрс.

"Нам вельмі трывожна назіраць за ростам гвалту і рэпрэсій у дачыненні да мірных дэманстрантаў у Мінску і іншых беларускіх гарадах. Улада павінна зрабіць усё магчымае, каб пазбегнуць далейшага гвалту. Гэта прадугледжвае поўную павагу права на свабоду мірных сходаў і выказвання меркаванняў для ўсіх грамадзян Беларусі, у поўнай адпаведнасці з міжнароднымі абавязацельствамі краіны ў галіне правоў чалавека.

Мы патрабуем правесці дбайнае і эфектыўнае расследаванне жудасных падзей мінулай ночы, каб кожны супрацоўнік міліцыі, адказны за парушэнні правоў чалавека, быў прыцягнуты да адказнасці".

Amnesty International таксама заклікае неадкладна вызваліць мірных дэманстрантаў і палітычных актывістаў, уключаючы тых, хто быў затрыманы ў рамках палітычна матываваных крымінальных спраў напярэдадні выбараў.

Крыніца: Amnesty International патрабуе неадкладна спыніць гвалт у дачыненні да мірных дэманстрантаў з боку міліцыі ў Беларусі і вызваліць усіх затрыманых