У межах Тыдня супраць смяротнага пакарання ў Гомелі 5 кастрычніка адбыўся кінапаказ мастацкага фільма “Сальвадор”, які дапамагае з розных бакоў паглядзець на праблему забойства чалавека дзяржавай.
Сюжэт фільма іспанскага рэжысёра Мануэля Уэргі разгортваецца ў Барселоне на пачатку 70-х гадоў мінулага стагоддзя і пабудаваны на гісторыі звычайнага студэнта, які разам з сябрамі быў вымушаны ўзяць у рукі зброю і весці падпольную барацьбу з дзяржаўным злачынным рэжымам Іспаніі. У асобе гэтага маладога чалавека, Сальвадора, які ў выніку быў асуджаны да смерці, урад дыктатара Франка помсціць усім незадаволеным рэжымам.
Нягледзячы на складаную тэму, мерапрыемства атрымалася даволі цёплым, адзначаюць валанцёры “Вясны”, якія яго арганізоўвалі. Фільм не пакінуў абыякавым ніводнага з больш як двух дзясяткаў чалавек, якія прыйшлі на паказ, і пасля адбылося гарачае абмеркаванне.
“Тэма смяротнага пакарання праз прызму гэтага кінасюжэта выклікала сапраўдную цікавасць, была сапраўдная дыскусія. Асабліва радуе, што прыйшло нямала людзей, якія не бывалі раней на нашых мерапрыемтсвах, і яны паабяцалі прыходзіць да нас і ў далейшым”, - кажа валанцёрка Анісся.
Ці сапраўды смяротнае пакаранне з'яўляецца эфектыўным і на якія страты яно выракае грамадства? Гэтае пытанне было ключавым падчас дыскусіі.
“Гучалі вельмі цікавыя і змястоўныя пытанні. У тым ліку пра каштоўнасць чалавечага жыцця, пра праблемы падчас расследаванняў і вынясення прысудаў, пры іх выкананні. Выказваліся думкі пра верагоднасць помсты з боку дзяржавы ці спецслужбаў адносна асобных групаў людзей, пра псіхалагічныя і маральныя выклікі для тых, хто працуе ў сістэме забеспячэння выканання прысудаў”, - дадае валанцёр Валдзіс.
Як адзначаюць арганізатары кінапрагляду, на жаль, вялікая колькасць людзей ніколі нават не задумваецца пра такія праблемы, таму падобныя нефармальныя мерапрыемствы з’яўляюцца важнымі пляцоўкамі, дзе кожны можа атрымаць новую для сябе інфармацыю і выказацца на вострую сацыяльную праблему. Супольнае абмеркаванне праблемы смяротнага пакарання дае магчымасць задумацца, выпрацаваць сваё стаўленне і ўсвядоміць каштоўнасць чалавечага жыцця.
Тыдзень супраць смяротнага пакарання распачаўся 5 кастрычніка кімнапаказамі ў Гомелі і Баранавічах. Наперадзе - іншыя мерапрыемствы падрыхтаваныя праваабаронцамі і актывістамі для ўсіх, хто не жадае заставацца ўбаку, калі ў краіне парушаецца неад’емнае права кожнага чалавека – права на жыццё.
Крыніца: “Сальвадор” выклікаў гарачую дыскусію сярод гамяльчан