Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International сёння, 7 жніўня, накіравала ў Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі петыцыю з заклікам да ўладаў спыніць прымяненне сілы ў дачыненні да мірных дэманстрантаў. Усяго за 10 дзён больш за 11,5 тысяч прыхільнікаў і актывістаў руху са 120 краін падпісалі петыцыю з патрабаваннем пакласці канец бязлітаснаму падаўленню пратэстаў, падчас якога паліцыя збівала пратэстоўцаў і затрымлівала сотні мірных актывістаў, журналістаў і выпадковых мінакоў.

"Тыя з нас, хто сочыць за падзеямі ў Беларусі, добра памятаюць урокі 2010 года, калі ў ноч пасля прэзідэнцкіх выбараў былі жорстка разагнаныя сотні мірных дэманстрантаў, а некалькі кандыдатаў у прэзідэнты былі адвольна кінутыя за краты. Прымяненне сілы супраць мірных дэманстрантаў абсалютна непрымальна», — заявіла Мары Стразерс, дырэктар Amnesty International па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі.

 "У апошнія дні Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка выказваў відавочныя пагрозы выкарыстоўваць паліцыю і нават узброеныя сілы для разгону магчымых пратэстаў. Улады Беларусі павінны ведаць, што мы і ўвесь свет уважліва сочым за тым, што адбываецца ў краіне. Мы не будзем маўчаць і не застанемся ўбаку, калі ўлады пойдуць да гвалту супраць мірных дэманстрантаў. Рана ці позна вінаватыя будуць прыцягнутыя да адказнасці", - дадала яна.

Сотні мірных актывістаў, журналістаў і выпадковых мінакоў, якія з моманту пачатку выбарчай кампаніі былі адвольна затрыманыя супрацоўнікамі праваахоўных органаў па сфабрыкаваных абвінавачваннях, павінны быць неадкладна вызваленыя і атрымаць поўнае пакрыццё за парушэнні правоў чалавека, якім яны падвергліся. Усе вязні сумлення, у тым ліку палітычныя актывісты Віктар Бабарыка і Сяргей Ціханоўскі, якім не дазволілі балатавацца ў прэзідэнты і якіх арыштавалі па палітычна матываваных абвінавачваннях, павінны быць неадкладна і безумоўна вызваленыя.

Крыніца: Amnesty перадала ў МУС Беларусі 11 500 подпісаў з патрабаваннем выконваць правы мірных пратэстоўцаў