Сумесная заява, скіраваная на ўмацаванне ўзаемадзеяння паміж арганізацыямі грамадзянскай супольнасці і пашырэнне міжведамаснага супрацоўніцтва ў сферы выкаранення мовы варожасці і процідзеяння дыскрымінацыі, была прынятая ў выніку нацыянальнай кансультацыі па гэтых пытаннях.
Праваабаронцы “Вясны” не спецыялізуюцца непасрэдна на праблемах дыскрымінацыі пэўных уразлівых групаў грамадства, тым не менш, рэгулярна сутыкаюцца з яе праявамі ў розных накірунках сваёй дзейнасці. Таму запрашэнне да ўдзелу ў Нацыянальнай кансультацыі грамадзянскай супольнасці па супрацьдзеянні мове варожасці і дыскрымінацыі ў Рэспубліцы Беларусь, якая праходзіла ў Мінску 28 верасня, як і прапанова падпісання выніковай Дэкларацыі, было прынятае з усведамленнем усёй важнасці праблемы.
“Пытанні дыскрымінацыі і мовы варажнечы патрабуюць супрацьдзеяння, таму што мы сутыкаемся з гэтымі з’явамі пастаянна і бачым, што механізмаў абароны правоў грамадзянаў у такіх выпадках фактычна няма. Няма асноўнага нарматыўнага акта, які б можна было выкарыстоўваць з гэтай мэтай. Ёсць норма Канстытуцыі, аднак суды не прымаюць да ўвагі як аргументы дыскрымінацыі параўнанне канкрэтнай сітуацыі з іншымі выпадкамі. І не трэба далёка хадзіць у пошуках прыкладаў – гэта адлічэнні грамадска актыўных студэнтаў, непрацягненні працоўных кантрактаў з людзьмі, якія маюць пэўныя палітычныя погляды і перакананні. І даказаць у судзе факты іх дыскрымінацыі па гэтай прыкмеце фактычна немагчыма”, - кажа эксперт “Вясны” Валянцін Стэфановіч, які браў удзел у Нацыянальнай кансультацыі.
Адносна мерапрыемтва праваабаронца адзначае, што абмеркаванне ў такім шырокім фармаце праходзіла, напэўна, упершыню. Арганізацыі грамадзянскай супольнасці разглядалі два аспекты. Першы – гэта сама ідэя антыдыскрымінацыйнага заканадаўства, якое ў Беларусі адсутнічае і якое, пры ўмове яго распрацоўкі, павінна насіць абсалютна прыкладны характар. Другі – мова варажнечы, праз якую рэтранслююцца ідэі дыскрымінацыі, пашыраюцца негатыўныя стэрэатыпы ў дачыненні да пэўных групаў грамадства.
“То бок, размова ішла пра тое, што мы, грамадзяне краіны, павінны атрымаць механізмы, з дапамогай якіх зможам звяртацца ў суд па абароне сваіх правоў, а дзяржава такім чынам будзе выконваць свае абавязальніцтвы па прадухіленні дыскрымінацыі ў дачыненні да ўразлівых групаў, - кажа Валянцін Стэфановіч. – Таму праваабаронцы зацікаўленыя ў ідэі прасоўвання антыдыскрымінацыйнага заканадаўства ў нашай краіне, стварэння такога закона, які б можна было выкарыстоўваць на практыцы. І таму мы прынялі Дэкларацыю і будзем спадзявацца, што агульнымі намаганнямі праваабарончыя арганізацыі дасягнуць сваёй мэты”.
Сярод удзельнікаў Нацыянальнай кансультацыі да Дэкларацыі таксама далучыліся Беларускі Хельсінкскі камітэт, Human Constanta, Офіс па правах людзей з інваліднасцю, ініцыятыва “Ідэнтычнасць і права”, асацыяцыя “БелСетка антыСНІД”, Беларуская асацыяцыя журналістаў, ініцыятыва “Журналісты за талерантнасць” і іншыя.
Варта адзначыць, што Нацыянальная кансультацыя заяўлялася ў межах Міжведамаснага плана па рэалізацыі рэкамендацый, прынятых Беларуссю па выніках праходжання другога цыклу Універсальнага перыядычнага агляду ў Савеце па правах чалавека ААН. З боку дзяржавы ў мерапрыемстве браў удзел прадстаўнік Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі.
ПЦ “Вясна” далучыўся да Дэкларацыі па супрацьдзеянні мове варожасці і дыскрымінацыі
Крыніца: ПЦ “Вясна” далучыўся да Дэкларацыі па супрацьдзеянні мове варожасці і дыскрымінацыі Дакумент