Назіральніца кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары". Фота з сайта people.onliner.by У трэці дзень датэрміновага назірання на выбарчыя ўчасткі сябры камісіі працягваюць выклікаць міліцыю, каб пазбавіцца ад альтэрнатыўных назіральнікаў. У той жа час, раней затрыманых назіральнальнікаў судзяць, некаторых адпраўляюць на суткі. 

Мінск 

Назіральніка Іллю Разбойнікава затрымалі супрацоўнікі міліцыі ў цывільным на выбарчым участку №47 Першамайскага раёна Мінска. Ён на назіранне вылучаўся ад грамадзянаў.

Віталя Трыгубава яшчэ 5 жніўня з участку №29 Савецкага раёна г. Мінска забраў АМАП. Сёння над назіральнікам распачаўся судовы працэс. Хлопца вінавацяць у дробным хуліганстве (арт. 17.1 КаАП) і непадпарадкаванні міліцыі (арт. 23.4 КаАП).

Вядома, што на участку №46 Кастрычніцкага раёна Мінска затрыманы назіральнік Павел Кандееў

Назіральнік з участку №5 Цэнтральнага раёна сталіцы Андрэй Хаўратовіч дастаўлены міліцыяй у РУУС. 

Знік з сувязі назіральнік кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Андрэй Верашчагін. Ён маніторыў ход выбараў на ўчастку №15 Кастрычніцкага раёна Мінска. Зараз яго тэлефон адключаны. 

Смілавічы

Затрыманага ўчора назіральніка Яраслава Недасекіна асудзілі на 8 сутак арышту. Нагадаем, на хлопца сябры камісіі №20 г.п. Смілавічы Чэрвеньскага раёна выклікалі міліцыю праз тое, што Яраслаў адмаўляўся сыходзіць з участку. Першапачаткова ён быў у спісе назіральнікаў, але пазней яму паведамілі, што спіс змяніўся, а яго прысутнасць на ўчастку непажадана.

Гродна

Прадстаўнікі "Сумленных людзей" паведамілі, што раніцай 6 жніўня ў Гродне яшчэ да пачатку працы выбарчага ўчастка быў затрыманы назіральнік Пётр Крышталь. Прычыны яго затрымання пакуль не ўстаноўлены, піша TUT.BY.

На выбарчых участках масава затрымліваць назіральнікаў. Спіс

Кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" працягваюць паведамляць, што ўчастковыя камісіі выклікаюць на назіральнікаў міліцыю за тое, што яны нібыта сваім назіраннем замінаюць працы камісіям. На некаторых участках назіральнікаў пад рознымі падставамі, у тым ліку з пагрозай прымянення сілы з боку міліцыі, пазбаўляюць магчымасці знаходзіцца непасрэдна ў памяшканні, а таксама сачыць за ходам датэрміновага галасавання.

Нагадаем, раней былі затрыманыя і асуджаныя да адміністрацыйных арыштаў Іван Дубовік - 10 сутак, Алег Гіргесон - 6 сутак.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Крыніца: Затрыманні на выбарчых участках працягваюцца, назіральнікаў адпраўляюць на суткі. Дапоўнена