У судзе Маскоўскага раёна Мінска адбываецца разгляд адміністрацыйных спраў, распачатых на удзельнікаў акцыі пратэсту супраць беларуска-расійскіх ваенных вучэнняў «Захад-2017». Мітынг і шэсце былі прымеркаваныя да Дня беларускай вайсковай славы і прайшлі 8 верасня ў сталіцы.
Пакуль вядома, што штраф у 50 базавых велічынь за парушэнне арт.23.34 КаАП атрымаў Дзмітрый Кавалгін.Суда сёння чакае і актывіст Павел Юхневіч.
Раней за ўдзел у акцыі да штрафаў і сутак ўжо асуджаныя некалькі актывістаў, у тым ліку Мікалай Статкевіч, Уладзімір Някляеў, Вячаслаў Сіўчык, Марына Адамовіч, Антон Жылко і інш.
Толькі 2 кастрычніка суд Цэнтральнага раёна Мінска разгледзеў адміністрацыйныя справы па ч. 3 арт. 23.34 КаАП ("удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве паўторна на працягу года") у дачыненні да Паўла Севярынца (арышт 15 сутак), Аляксандра Абрамовіча (штраф ў 50 базавых велічынь), Андрэя Шарэнду (арышт 15 сутак), Наталлю Папкову (арышт 7 сутак).
Крыніца: Не спыняюцца судовыя працэсы за Дзень беларускай вайсковай славы