Кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" працягваюць паведамляць, што ўчастковыя камісіі выклікаюць на незалежных назіральнікаў міліцыю за тое, што яны нібыта сваім назіраннем замінаюць працы камісіям. На некаторых участках назіральнікаў пад рознымі падставамі, у тым ліку з пагрозай прымянення сілы з боку міліцыі, пазбаўляюць магчымасці знаходзіцца непасрэдна ў памяшканні, а таксама сачыць за ходам датэрміновага галасавання.

У Мінску 5 жніўня на ўчастку для галасавання №64 Заводскага раёна затрымана незалежная назіральніца Іна Дабратвор. Яе без тлумачэнняў прычын не дапусцілі ў памяшканне школы, дзе знаходзіўся ўчастак для галасавання, дзе яна акрэдытаваная назіральніцай. Калі яна стала абурацца, то на яе выклікалі міліцыю за тое, што яна нібыта замінае працы камісіі. Супрацоўнікі міліцыі яе павезлі ў РУУС Заводскага раёна для складання пратаколу. Але там устанавілі асобу Іны Дабратвор і адпусцілі.

З 35-га ўчастка для галасавання Маскоўскага раёна супрацоўнікі міліцыі забралі незалежную назіральніцу Наталлю Манькоўскую. Яе павезлі ў Маскоўскі РУУС для "прафілактычнай гутаркі".

На ўчастку №20 у г.п. Смілавічы Чэрвенскага раёна затрымалі назіральніка Яраслава Недасекіна. Яго павезлі ў Чэрвеньскі РУУС. Ён быў у спісах назіральнікаў, але старшыня камісіі сказаў яму, што спіс змянілі і ён не можа назіраць. Назіральнік сказаў, што будзе працягваць назіранне, але на яго выклікалі міліцыю.

Як паведамляе назіральніца з Віцебску Ірына Траццякова, у сярэднюю школу №25 горада сябры ўчастковай камісіі выклікалі міліцыю. Было затрымана чатыры назіральнікі. На ўчастку №12 былі затрыманыя Андрэй Кешанюк і Галіна Магучая. Да гэтага старшыня камісіі дазволіла назіральнікам знаходзіцца ў калідоры каля ўчастка, аднак дырэктарка школы выказалася супраць такого рашэння. На назіральнікаў складаюць пратаколы па арт. 17.1 КаАП (Дробнае хуліганства). Андрэя Кешанюка, Галіну Магучаю, а таксама яшчэ дваіх назіральнікаў з участкаў №13 і №14 павезлі ў РАУС Першамайскага раёна Віцебска.

Ірына Траццякова кажа, што адміністрацыі раёнаў папярэдзілі “гаспадароў” будынкаў, дзе месцяцца выбарчыя ўчасткі: школы і іншыя навучальныя ўстановы, каб у будынках не знаходзіліся староннія людзі. Менавіта таму сябры камісій пачалі выклікаць міліцыю.

У першы дзень датэрміновага галасавання, 4 жніўня, вядома, што былі затрыманыя мінімум тры незалежных назіральніка. Супрацоўнікі міліцыі затрымалі ў Мінску назіральнікаў Івана Дубовіка і Алега Гіргенсона. На Дубовіка склалі пратакол па арт. 23.4 КаАП нібы за супраціўленне супрацоўнікам міліцыі на ўчастку для галасавання. Ноч ён правёў у пастарунку міліцыі. 5 жніўня над ім чакаецца суд. У адносінах да магілёўца Андрэя Застрэлава міліцыя праводзіць праверку з нагоды заявы старшыні ўчастковай камісіі нібыта за “перашкоду працы камісіі”. 

У Мінску на ўчастках для галасавання затрымліваюць назіральнікаў

У першы дзень датэрміновага галасавання, 4 жніўня, кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" стала вядома пра два выпадкі затрымання незалежных назіральнікаў на ўчастках для галасавання.

У Магілёве незалежнага назіральніка прама на ўчастку затрымала міліцыя

Назіральнік ад ініцыятывы "Сумленныя людзі" Андрэй Застрэлаў з міліцэйскага аўто паведаміў, што яго вязуць у Кастрычніцкі РАУС. Яго затрымалі проста на ўчастку №97, які размешчаны ў гімназіі №1 г. Магілёва. Пра інцыдэнт паведамляе mspring.online.

 "Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Крыніца: На выбарчых участках масава затрымліваць незалежных назіральнікаў Дапоўнена