Хваля нечаканых вобшукаў пракацілася па Мінску 26 верасня: ад самай раніцы ў памяшканнях і на кватэрах маладых людзей следчыя разам з сілавікамі шукалі зброю, выбуховыя рэчывы ды іншыя забароненыя матэрыялы. На прэсавай канферэнцыі, якая адбылася на наступны дзень з удзелам грамадскіх актывістаў, якія зазналі пераслед, было агучана, што ператрусы звязаныя са справай аб падпале білборда ў Івацэвічах. Што адбылося ў той дзень на самой справе і якія наступствы такія дзеянні могуць мець для грамадзянскай супольнасці разважае старшыня Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі.
Па словах праваабаронцы, 26 верасня адбыўся шэраг вобшукаў, якія, арганізавана і зладжана адбываліся па некалькіх адрасах і тычыліся розных моладзевых грамадскіх актывістаў. Гэта моцна насцярожыла праваабаронцу.
“Я асабіста прысутнічаў пад час аднаго з вобшукаў у шматпавярховым доме, стаяў на лесвічнай пляцоўцы, а адразу пасля завяршэння следчых дзеянняў меў магчымасць паразмаўляць з журналісткай, на кватэры якой адбываўся вобшук.
Фармальна вобшукі праводзіліся ў звязку з тым, што ў Івацэвічах 28 ліпеня адбыўся падпал білборда групай анархістаў. У мяне складваецца ўражанне, што Следчы камітэт правёў “дывановую бамбардыроўку”, прычым пачалі лупіць па вядомых для следчага камітэту адрасах, якія раней былі звязаныя з сацыяльнымі актывістамі ды прадстаўнікамі анархісцкіх груп. Прычым гэтым разам пад гэтыя вобшукі патрапілі абсалютна выпадковыя людзі”.
Чаму так адбылося? Алесь Бяляцкі разглядае дзве версіі. Першая: сілавікі проста пайшлі па адрасах, дзе некалі раней жылі актывісты анархісцкага руху.
Увесну шэраг вобшукаў таксама прайшоў у анархістаў. Тады падставай для такіх дзеянняў стаў іхні актыўны ўдзел у сацыяльных акцыях пратэсту ў Берасьці і ў шэсці ў Менску, а затым жорсткае затрыманне проста ў тралейбусе. Многія з маладых людзей тады былі затрыманыя і пасля судоў сядзелі на “сутках”. “Напрыклад, у кватэры, каля якой я прысутнічаў у момант ператрусу, вобшук ужо адбываўся 25 сакавіка.
Зараз сілавікі ізноў пайшлі з ператрусамі па тых самых памяшканнях і кватэрах дзе раней жылі актывісты анархісцкага руху ды наткнуліся часткова на іншых людзей, якія не маюць аніякага дачынення да анархісцкаха руху. Але тым не меней, вобшукі ўсё адно былі праведзены, у ходзе якіх забраныя аргтэхніка, кнігі, прыватныя запісы. Гэта выклікае вялікае пытанне. Я ў калонні сядзеў і мае прыватныя запісы нават там не забіралі, а тут, што гэта, з якога глузду?
Другая версія заключаецца ў тым што, выдатна ведаючы, што ў гэтых кватэрах жывуць ужо іншыя людзі, тым не менш, вобшукі праводзіліся з мэтай паслаць адкрыты сігнал для ўсіх грамадскіх актывістаў: і эколагаў, і правабаронцаў, і актывістаў моладзевых арганізацый, сігнал аб тым, што ў любы момант рэпрэсіі могуць быць скіраваныя і супраць іх, што ўсе ў краіне знаходзяцца пад кантролем.
Алесь Бяляцкі не бачыць ніякіх падстаў звязваць вобшукі ў Мінску з Івацэвічскай справай. Моладзь, якая патрапіла пад вобшукі, не мела ніякіх кантактаў і ніколі не была знаёмая з тымі асобамі, якія знаходзяцца пад вартай і якіх абвінавачваюць у здзяйсненні падпалу білборда.
Праваабаронца праводзіць паралель з некаторымі іншымі грамадска-рэзананснымі справамі, калі як што дзе адбудзецца, дык шырокая хваля ператрусаў, затрыманняў, коціцца па грамадскіх актывістах.
“Пошук саўдзельнікаў, прычым метадам закідання шырокай сеткі па ўсёй краіне, у які трапляюць вельмі розныя выпадковыя людзі – гэта паказальнік нізкай прафесійнасці, ці, ізноў жа, спроба падтрымліваць хвалю страху сярод грамадскіх актывістаў Беларусі” – лічыць Алесь Бяляцкі. – У любы момант падобны гвалт з боку праваахоўных органаў можа распаўсюдзіцца на актывістаў любых іншых грамадскіх ініцыятываў.”
Алесь Бяляцкі выказвае рашучую нязгоду з тым, што адбылося ў Менску 26 верасня.
“Мы не павінны заплюшчаваць вочы на падобныя дзеянні сілавых структураў, не павінны ставіцца абыякава да практыкі адвольных вобшукаў і любых іншых метадаў неабгрунтаванага ціску на грамадзянскую супольнасць”.
Крыніца: Алесь Бяляцкі: Мы не павінны заплюшчваць вочы на факты адвольных ператрусаў