Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае збіраць звесткі са ўсёй краіны пра факты палітычна матываванага пераследу грамадзян. Паведамляем пра затрыманні, пагрозы затрыманнямі, складанне пратаколаў і выклікі ў міліцыю, якія адбыліся ці пра якія стала вядома чацвёртага жніўня. З пачатку бягучай выбарчай кампаніі 212 чалавек атрымалі агулам 3004 сутак арышту па адміністрацыйных артыкулах, выкарыстаных у мэтах палітычнага пераследу. 368 чалавек атрымалі штрафы агульным памерам больш за 286000 рублёў (больш за 116.000$).

Праваабаронцам вядома як мінімум пра 1302 выпадкі адвольных затрыманняў, якія адбыліся ў перыяд з 6 траўня па 4 жніўня.

Ізаляцыя актывістаў перад выбарамі працягваецца. Хроніка пераследу 2 і 3 жніўня

Другога і трэцяга жніўня ў Беларусі працягваецца пераслед актывістаў. Некаторых затрымліваюць і адпраўляюць у ізалятары для адбыцця раней прысуджаных арыштаў, над іншымі праходзяць суды па адміністрацыйных справах.

Мінск

Дзяўчыне палітзняволенага Дзмітрыя Фурманава Вользе Каракінай, якая другі тыдзень трымае галадоўку каля СІЗА-1 на вул. Валадарскага ў Мінску, а таксама тым, хто прыходзіць яе падтрымаць, міліцыя пагражае складаннем пратакола за несанкцыянаванае пікетаванне (па арт. 23.34 КаАП). Вольга паведаміла "Вясне", што сышла ад СІЗА і спыніла галадоўку.

Паведамляецца пра зарыманне 3 жніўня Вікторыі Канюшэнка. Абставіны затрымання высвятляюцца. 

Таксама быў затрыманы ўдзельнік велапрабегаў салідарнасці Алякей Дідзенка. Яго даставілі ў РУУС Маскоўскага раёна, склалі пратакол за "дробнае хуліганства" (арт. 17.1 КаАП). Па папярэдняй інфармацыі - за распаўсюд улётак.

Затрыманы актывіст "Еўрапейскай Беларусі" Максім Вінярскі абвесціў сухую галадоўку і чакае новы суд па арт. 23.4 КаАП (непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі). Пасяджэнне адбудзецца ў 16.00 у судзе Маскоўскага раёна.

У Мінску на ўчастку для галасавання затрымалі назіральніка

У першы дзень датэрміновага галасавання супрацоўнікі міліцыі затрымалі на ўчастку для галасавання №52 Кастрычніцкага раёна Мінска назіральніка ад ініцыятывы "Чэсныя людзі" Івана Дубовіка.

Кобрын

4 жніўня плануецца працяг суда над затрыманымі ў мінулую пятніцу Уладзімірам Нікульшыным і Алегам Барысюком (каардынатар ініцыятыўнай групы Валерыя Цапкалы). Актывісты выходные ўтрымліваліся ў Кобрынскім ІЧУ, у панядзелак 3 жніўня іх пачалі судзіць за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (арт. 23.34 КаАП). 

Столін 

У Праваабарончы цэнтр "Вясна" звярнулася Аксана Дабрыянец - валанцёрка ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай са Століна, якая дапамагала падчас збору подпісаў. Аксана паведаміла, што да яе маці, якая працуе ў школе, падыходзіў дырэктар і распавядаў, што ў школу прыходзіла міліцыя і распытвала пра яе дачку. Міліцыянтаў цікавіла, дзе яна жыве і працуе, чым займаецца. 

stolin0aksana.jpg
Аксана Дабрыянец, валанцёрка ІГ Ціханоўскай са Століна

Таксама Аксана паведаміла пра іншую дзяўчыну са Століна - Паліну Новік, якую пад падставай апытання аб прапаўшым тэлефоне даставілі ў РАУС і распытвалі пра расклеўку агітацыйных улётак. 

Баранавічы

4 жніўня мусіць адбыцца суд над затрыманым напярэдадні адміністратарам тэлеграм-канала "Баранавічы для жыцця" Ігарам Шумілавым. У парушэнні якога дакладна артыкула адмінітрацыйнага кодэкса яго вінавацяць, пакуль невядома.

Чачэрск

3 жніўня быў затрыманы актывіст, жыхар Чачэрску Юрый Кавалёў. Пры затрыманні быў задзейнічаны АМАП. Падрабязнасці затрымання высвятляюцца. Ноч ён правёў у Гомельскім ІЧУ, яго павезлі на суд.

Нароўля

У Нароўлі судзілі затрыманага напярэдадні актывіста і валанцёра "Страны для жизни" Мікалая Віткоўскага. На яго склалі пратакол за непадпарадкаванне міліцыі (арт. 23.4 КаАП) - нібыта за тое, што ён адмаўлсяўся праехаць з супрацоўнікамі міліцыі. У выніку прысудзілі 12 сутак арышту.

Будзе дапаўняцца.

Крыніца: Новыя затрыманні, суды і выпадкі ціску. Хроніка пераследу за чацвёртае жніўня Дапоўнена