Высновы: Палітычныя зняволеныя і палітычна матываваны пераслед
- на працягу верасня ўлады ў цэлым працягвалі палітыку рэпрэсій у дачыненні да грамадзянскіх актывістаў і прадстаўнікоў палітычнай апазіцыі;
- 12 і 25 верасня прайшла атэстацыя (у тым ліку пазачарговая) шэрагу адвакатаў, ініцыяваная Міністэрствам юстыцыі. Праваабарончая супольнасць расцаніла дадзены крок як непрыхаванае ўмяшанне дзяржаўных органаў у дзейнасць адвакатуры. У выніку атэстацыі чатыры адвакаты былі пазбаўленыя ліцэнзіі, а ў дачыненні да дванаццаці атэстацыя была адтэрмінаваная на паўгода. Варта адзначыць, што многія з гэтых адвакатаў ажыццяўлялі абарону абвінавачаных па палітычна матываваных крымінальных справах;
- 21 верасня Следчы камітэт падоўжыў тэрмін расследавання крымінальнай справы, распачатай у дачыненні да шаснаццаці грамадзян па арт. 287 КК (стварэнне незаконнага ўзброенага фармавання);
- у сувязі з тым, што з шаснаццаці адвакатаў, якія ажыццяўляюць абарону абвінавачаных па крымінальнай справе «аб арганізацыі незаконнага ўзброенага фармаваьня», адна адвакатка была пазбаўленая ліцэнзіі, а яшчэ семярым атэстацыя была адтэрмінаваная на паўгода, эксперты ПЦ “Вясна” практычна выключаюць магчымасць правядзення судовага разбору па гэтай справе ў адпаведнасці са стандартамі справядлівага правасуддзя;
- бухгалтар прафсаюза РЭП Ігар Комлік працягвае ўтрымлівацца пад вартай у СІЗА і ўсе зробленыя ім захады па судовым абскарджанні абранай следствам меры стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай былі безвыніковыя;
- у месцах пазбаўлення волі працягваюць знаходзіцца палітвязні Міхаіл Жамчужны і прызнаны Amnesty International вязнем сумлення Дзмітры Паліенка;
- на працягу месяца назіраліся выпадкі прыцягнення грамадзян да адміністрацыйнай адказнасці, у тым ліку і ў выглядзе арыштаў, у сувязі з рэалізацыяй імі гарантаваных правоў на мірныя сходы і выказванне меркаванняў;
- на працягу месяца працягваліся рэпрэсіі ў дачыненні да журналістаў у сувязі з іх прафесійнай дзейнасцю;
- на працягу месяца былі зафіксаваныя іншыя факты парушэнняў грамадзянскіх правоў, якія выклікаюць занепакоенасць праваабаронцаў: незаконнае ўмяшальніцтва ў таямніцу тэлефонных перамоваў грамадзянаў, аб'ява выканкама аб увядзенні каменданцкай гадзіны ў г. Глыбокае ў перыяд правядзення ваенных вучэнняў «Захад-2017», ператрусы і канфіскацыя тэхнікі ў грамадскіх актывістаў.
15 верасьня суд Партызанскага раёна разгледзеў скаргу Ігара Комліка на меру стрымання — утрыманне пад вартай. У скарзе ён прасіў змяніць меру стрымання, бо лічыць, што яна ўжытая да яго беспадстаўна, і ў змяшчэнні яго пад вартай падчас следства няма неабходнасці. У задавальненні скаргі было адмоўлена. Касацыйная скарга на гэтае рашэнне суда таксама не была задаволеная Мінскім гарадскім судом. Такім чынам, Ігар Комлік працягвае ўтрымлівацца пад вартай у СІЗА № 1 г. Мінска. 3 жніўня праваабарончыя арганізацыі Беларусі заявілі, што лічаць Ігара Комліка палітвязнем.
21 верасня Следчы камітэт падоўжыў тэрмін расследавання крымінальнай справы, распачатай у дачыненні да шаснаццаці грамадзян па арт. 287 КК (стварэнне незаконнага ўзброенага фармавання). Між тым, па выніках дзвюх пазачарговых атэстацый адвакатаў, ініцыяваных Міністэрствам юстыцыі, з шаснаццаці адвакатаў абвінавачаных па гэтай справе адна адвакатка ўжо пазбаўленая ліцэнзіі, а вырашэнне пытання аб атэстацыі семярых адкладзена на паўгода. Трэба адзначыць, што ў лістападзе таксама плануецца атэстацыя адвакатаў, і яе вынік можа яшчэ больш пагоршыць становішча абвінавачаных па гэтай справе.
Пры такіх абставінах, эксперты ПЦ “Вясна” заявілі, што практычна выключаюць магчымасць правядзення судовага разбору па гэтай крымінальнай справе ў адпаведнасці са стандартамі справядлівага правасуддзя, адным з якіх з'яўляецца магчымасць атрымання прафесійнай юрыдычнай дапамогі незалежнага адваката.
У рамках крымінальнай справы за “заведама ілжывы данос аб здзяйсненні злачынства” 4 верасня віцебскага доктара Ігара Пастнова прымусова даставілі ў экспертны стацыянар.
Ігар Пастноў катэгарычна адмаўляўся ад праходжання стацыянарнай экспертызы з-за недаверу да экспертаў.
Нагадаем, крымінальная справа па частцы 1 артыкула 400 Крымінальнага кодэкса РБ распачата 4 ліпеня гарадскім аддзелам Следчага камітэта па заяве начальніка СІЗА № 2 Эдуарда Курыленкі. Падставай для крымінальнага пераследу сталі допісы Пастнова ў сацыяльнай сетцы «Укантакце» пра факты збіцця і катаванняў у гэтым СІЗА, дзе ён сцвярджаў, што гэтыя і іншыя супрацьпраўныя дзеянні нібыта здзейсніў начальнік установы Курыленка, а таксама яго супрацоўнікі.
ПЦ “Вясна” стала вядома аб узбуджэнні 30 жніўня яшчэ адной крымінальнай справы па ч. 1 арт. 400 КК у дачыненні да І. Пастнова па факце яго звароту на імя Генеральнага пракурора.
1 верасня гарадскі Следчы камітэт аб’яднаў дзве крымінальныя справы ў адну вытворчасць.
На думку праваабаронцаў “Вясны”, сам факт узбуджэння крымінальных справаў можа супярэчыць Канстытуцыі Беларусі і міжнародным абавязальніцтвам краіны ў галіне забеспячэння права на свабоду выказвання меркаванняў.
Як стала вядома праваабарончаму цэнтру “Вясна”, пасля пераводу ў калонію ў Горках палітвязень Міхаіл Жамчужны ўжо чатыры разы быў змешчаны ў штрафны ізалятар — на 5, 10 (пазней тэрмін быў скарочаны да 7 сутак), 10 і 7 сутак. Такім чынам, усяго з пачатку жніўня ён правёў у ШІЗА 29 сутак. Пасля выхаду з ізалятара Міхаілу Жамчужнаму было вынесена чарговае спагнанне — адзін месяц змяшчэння ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ).
Міхаіл Жамчужны па-ранейшаму зазнае правакацыі, звязаныя з усталяваннем у асяроддзі зняволеных нефармальных стасункаў, якія дазваляюць з папушчальніцтва адміністрацый папраўчых установаў ствараць умовы для жорсткага, зневажальнага абыходжання да асобных асуджаных.
Ціск на праваабаронцаў
18 верасня суд Цэнтральнага раёна г. Мінска адмовіў у скарзе на адмову МУС разгледзець хадайніцтва прадстаўнікоў грамадскасці аб датэрміновым зняцці забароны на вяртанне ў Беларусь праваабаронцы Алены Танкачовай.
Падставай для скаргі паслужыў адказ на калектыўны зварот ад 4 ліпеня 2017 г. да міністра ўнутраных справаў Рэспублікі Беларусь, у якім утрымлівалася просьба больш чым 50 грамадзян Рэспублікі Беларусь і іншых дзяржаваў.
Нагадаем, 5 лістапада 2014 года Першамайскае РУУС прадпісала Танкачовай на працягу месяца пакінуць Беларусь, забараніўшы ёй наведваць краіну ў бліжэйшыя тры гады.
Алена Танкачова з'яўляецца грамадзянскай Расіі, але пражывае ў Беларусі каля 30 гадоў, мае тут нерухомасць і пастаянную працу. На працягу 20 гадоў яна і узначалены ёю Цэнтр прававой трансфармацыі аказваюць прафесійную юрыдычную і экспертную падтрымку некамерцыйным арганізацыям Беларусі, а таксама ў сітуацыях з парушэннямі правоў чалавека. Падставай для рашэння ўладаў сталі факты нязначнага перавышэння хуткасці аўтамабілем Танкачовай, зафіксаваныя відэакамерамі.
Парушэнне права на мірныя сходы, свабоды выказвання меркаванняў
Атрыманне дазволу ўладаў на правядзеньне мірных сходаў па-ранейшаму абцяжарана, гэта права непрапарцыйна абмяжоўваецца; парушэнне закона аб масавых мерапрыемствах цягне адміністрацыйную адказнасць.
14 жніўня Леанід Кулакоў правёў адзіночны пікет каля станцыі мінскага метро «Парк Чалюскінцаў» і размясціў у інтэрнэце фатаграфію з гэтага пікету, на якім ён трымае плакат з надпісам: «Прэч брудныя рукі ад незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасці РЭП». За гэта ён быў падвергнуты штрафу ў памеры 30 базавых велічынь, што складае 645 рублёў.
Мікалай Статкевіч асуджаны на 5 сутак арышту за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі 8 верасня на Кастрычніцкай плошчы Мінска. Такое рашэнне 26 верасня прыняў суд Ленінскага раёна; палітык у гэты час адбываў 15 сутак за мірную акцыю 3 ліпеня ў знак пратэсту супраць беларуска-расійскіх ваенных вучэнняў «Захад-2017», якая была прымеркавана да неафіцыйнага Дня беларускай вайсковай славы. У перыяд адбыцця арышту да палітыка не дапускаюць адваката.
За ўдзел у акцыі 8 верасня таксама быў прыцягнуты да адказнасці апазіцыйны палітык Уладзімір Някляеў і магілёўскі актывіст Станіслаў Паўлінковіч. Някляеў адбыў сямісуткавы арышт у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў, адкуль вызваліўся 22 верасня, Паўлінковіча пакаралі штрафам у 460 рублёў. У судзе Партызанскага раёна Мінска 28 верасня вынесена пастанова аб прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці актывіста Антона Жылко. Суддзя Іван Неўмяржыцкі пакараў актывіста штрафам у памеры 50 базавых велічынь (1 150 рублёў). Вячаслаў Сіўчык за тую ж акцыю аштрафаваны на 45 базавых велічынь.
Гомельскага актывіста Мікалая Пяшко ў Гомелі аштрафавалі на 20 базавых велічынь за пікет супраць смяротнага пакарання.
За пікет з патрабаваннем адстаўкі старшыні Вярхоўнага Суда судом Цэнтральнага раёна 13 верасня пакараныя актывісткі грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры Тамара Сяргей (690 рублёў) і Любоў Санкевіч (1 150 рублёў).
На 230 рублёў 19 верасня суддзёй раённага суда У. Васілеўскай быў аштрафаваны беспрацоўны настаўнік Андрэй Павук, які выйшаў на плошчу пасёлка Акцябрскі з плакатам «Вазьміце Павука на працу».
Непрапарцыйна жорстка быў пакараны за спробу нанясення надпісу «сатана» на помнік У. Леніну ў г. Ліда Мікалай Мякшыла: пры затрыманні ён падвергнуўся збіццю, правёў без дастатковых падставаў больш за два месяцы да суда ў турме, па прысудзе суда быў пакараны годам абмежавання волі.
Жорсткае абыходжанне
Пракуратура Першамайскага раёна г. Мінска адмяніла рашэнне Следчага камітэта па Першамайскім раёне аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце збіцця супрацоўнікамі АМАПу былога палітвязня Мікалая Дзядка пры затрыманні 25 сакавіка ў Мінску. Праверка будзе адноўлена.
Кампетэнтныя органы Рэспублікі Беларусь накіравалі пярэчанні ў Камітэт па правах чалавека ААН у сувязі з індывідуальным зваротам Валянціны Акуліч, сын якой нечакана загінуў у Светлагорскім ІЧУ 26 траўня 2012 года. Зварот быў зарэгістраваны ў КПЧ 12 чэрвеня 2017 года пад нумарам 2987/2017. Пазіцыя дзяржавы зводзіцца да непрызнання факту жорсткага абыходжання і пярэчанням з нагоды прымальнасці зварота: не ўсе інстанцыі дзяржаўных органаў за тры гады супрацьстаяння маці загінулага і дзяржавы былі ўцягнутыя ў гэтую справу.
Па скарзе Дзмітрыя Серады, які стаў ахвярай жорсткага абыходжання з боку супрацоўнікаў міліцыі, Генеральная пракуратура даручыла пракуратуры горада Мінска вывучыць матэрыялы папярэдняй праверкі. Пракуратура горада Мінска рашэнне следчага аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні да супрацоўнікаў АУС адмяніла; праверка будзе адноўлена.
Ціск на адвакатаў
Праваабарончы цэнтр “Вясна” ў верасні двойчы звярнуўся да Спецыяльнага дакладчыка па пытанні аб незалежнасці суддзяў і адвакатаў ААН у сувязі з умяшаннем Міністэрства юстыцыі ў дзейнасць калегій адвакатаў. Вынікам атэстацый адвакатаў Кваліфікацыйнай камісіяй пры Міністэрстве юстыцыі 12 і 25 верасня стала пазбаўленне і спыненне дзеяння ліцэнзій чатырох адвакатаў, у тым ліку Ганны Бахціной, вядомай сваім удзелам у многіх палітычна матываваных справах. Таксама адтэрмінаваная на паўгода атэстацыя яшчэ 12 адвакатаў, сярод якіх большасць складаюць адвакаты, вядомыя сваім удзелам у справах апазіцыйных палітыкаў, грамадскіх і прафсаюзных актывістаў. Адтэрміноўка атэстацыі безумоўна абмяжуе актыўнасць і незалежнасць адвакатаў, паставіўшы іх перад выбарам паміж працягам адвакацкай практыкі і актыўнай пазіцыяй па крымінальных справах, у якіх яны задзейнічаны.
Праваабарончы цэнтр “Вясна” накіраваў зварот да міжнароднай адвакацкай супольнасці, у якім паведамляе пра ціск на адвакатаў у Беларусі і заклікае праявіць салідарнасць з калегамі.
Шэраг праваабарончых арганізацый выступіў з заявай, у якой заклікаў улады Беларусі неадкладна спыніць умяшальніцтва дзяржаўных органаў у дзейнасць адвакатуры і забяспечыць яе незалежнасць на заканадаўчым узроўні шляхам ўнясення адпаведных змяненняў у дзеючае заканадаўства; спыніць ціск на адвакатаў, якія ажыццяўляюць абарону фігурантаў палітычна матываваных справаў і справаў, звязаных з адстойваннем правоў чалавека; адмяніць адпаведнае рашэнне кваліфікацыйнай камісіі Мінюста, якое з'яўляецца перашкодай у ажыццяўленні прафесійнай адвакацкай дзейнасці Ганны Бахціной.
Пераслед незалежных журналістаў
7 верасня суд Кастрычніцкага раёна г. Магілёва пакараў штрафам у 640 рублёў Аліну Скрэбунову за выраб тэлесюжэта для канала «Белсат».
У Петрыкаўскім раённым судзе 27 верасня на такой самай падставе суддзя А. Багданік аштрафаваў Кастуся Жукоўскага і Андрэя Толчына на 920 рублёў кожнага.
Крыніца: Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Верасень 2017