Прадстаўнікі беларускіх некамерцыйных арганізацый, у тым ліку і праваабарончых, сумесна з медыяэкспертамі вызначалі, якім чынам у Беларусі магчыма змагацца з мовай варожасці. Падчас “Нацыянальнай кансультацыі грамадзянскай супольнасці па супрацьдзеянні мове варожасці і дыскрымінацыі ў Беларусі” ўдзельнікі прыйшлі да высновы, што ў краіне неабходна адпаведнае антыдыскрымінацыйнае заканадаўства.
“Мне здаецца вельмі важным, па-першае, калі агульныя пытанні, датычныя дыскрымінацыі, будуць сканцэнтраваныя ў адным нарматыўным акце. Па-другое, у тых ці іншых заканадўчых актах у рознай ступені змешчаныя спасылкі на антыдыскрымінацыйнае заканадаўства. Напрыклад, шмат такіх спасылак існуе ў крымінальным і працоўным заканадаўстве. Але атрымліваецца так, што спасылкі ёсць, а заканадаўства няма. У нас няма нават азначэння тэрміну “дыскрымінацыя”. Таксама я лічу, што нам патрэбны пэўны дзяржаўны орган ці нацыянальны інстытут, які б дазваляў маніторыць і кантраляваць сітуацыю і, магчыма, вырашаць праблемы не толькі ў судовым, але і пазасудовым парадку”, - адзначыў праваабаронца ПЦ "Вясна" Андрэй Палуда, які прымаў удзел у сустрэчы.
Праваабаронца падкрэсліў, што прыняццё такога закону стала б моцным крокам з боку дзяржавы, якая б такім чынам дэкларавала, што бачыць гэтыя праблемы і гатовая да іх вырашэння.
Удзельнікі сустрэчы казалі пра тое, што ў Беларусі не так шмат выпадкаў выкарыстання жорсткай мовы варожасці ў публічнай прасторы, аднак гэта не азначае, што з гэтай праблемай не трэба працаваць.
“Можа здацца, што да ўразлівых групаў належыць не так шмат людзей, аднак толькі падчас Нацыянальнай кансультацыі мы аб'ядналі амаль чатыры дзясяткі розных грамадскіх арганізацый, якія працуюць з прадстаўнікамі такіх груп. Гэта ВІЧ-сэрвісныя арганізацыі, аб'яднанні, якія займаюцца гендэрнымі пытаннямі, абаронай правоў людзей з інваліднасцю, бежанцаў, нарказалежных людзей”, - адзначыў старшыня Каардынацыйнага камітэта Асацыяцыі «БелСетка антыСНІД» Алег Яромін.
Таксама эксперты адзначылі, што не заўсёды выкарыстанне мовы варожасці можа быць наўмысным. Людзі могуць ужываць асобныя выразы з прычыны існуючых стэрэатыпаў ці проста праз адсутнасць ведаў у нейкай вузкай тэматыцы.
“Для таго, каб вытрымліваць баланс паміж супрацьдзеяннем мове варожасці і свабодай слова, мы ў нашай практыцы вылучаем узроўні мовы варожасці - мяккі, сярэдні і жорсткі. “Жорсткая” мова - напрыклад, адкрытыя заклікі да гвалту супраць пэўнай катэгорыі людзей, не дапушчальныя ні ў якім разе, а вось выкарыстанне “мяккай” мовы варожасці, якая часта ўжываецца неўсвядомлена, кажа пра тое, што трэба больш займацца асветай, а не пакараннем”, - распавяла пра сусветныя практыкі каардынатар праграм праваабарончай арганізацыі “Article 19” з Лондана Йаана Шыманскі.
- Йаана Шыманскі ("Article 19"), Алег Гулак ("БХК"), Алег Яромін («БелСетка антыСНІД»), Алег Ражкоў ("Журналісты за талерантнасць")
Спосабы такой асветы і «заахвочвання» паспяховых кейсаў таксама былі вызначаны падчас Нацыянальнай кансультацыі.
“Мы высветлілі, у якой арганізацыі ёсць якія рэсурсы, і ўжо намецілі для сябе крокі далейшага супрацоўніцтва, - адзначыў каардынатар ініцыятыўнай групы «Журналісты за талерантнасць» Алег Ражкоў. - Гэта распрацоўка інфармацыйных стратэгій, простых брашур накшталт «5 крокаў да супрацьдзеяння мове варожасці», апублічванне паспяховых прыкладаў, якія ёсць у нашых праваабарончых арганізацый і ў Камісіі па этыцы “Беларускай асацыяцыі журналістаў”.
Па выніках Нацыянальнай кансультацыі ўдзельнікі мерапрыемства прынялі дэкларацыю аб супрацоўніцтве, да якой можа далучыцца любая грамадская арганізацыя.
Крыніца: Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці абмеркавалі, як змагацца з мовай варожасці і дыскрымінацыяй