Кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» стала вядома пра выпадак выкарыстання адміністрацыйнага рэсурсу. Але не кімсьці з кандыдатаў, а патэнцыйнай назіральніцай за выбарамі. Днём 28 ліпеня старшыня Абухоўскага сельскага савета (Гродзенскі раён) Валерый Смалей прыязджаў у вёску Курпікі, што знаходзіцца на тэрыторыі сельсавета. Ён прыйшоў у дом да пенсіянеркі Зінаіды Арцукевіч і папрасіў яе паставіць свой подпіс у заяве аб вылучэнні назіральнікам на ўчастак для галасавання настаўніцы мясцовай школы па прозвішчы Мароз.

Валерый Смалей. Фота
Валерый Смалей. Фота "Перспектыва"

Не асоба разабраўшыся ў сітуацыі, пенсіянерка паставіла свой подпіс. Аднак затым у пакой увайшоў сын жанчыны Віктар, які лепш разбіраецца ў выбарчым заканадаўстве, і задаў цалкам лагічнае пытанне: "Чаму ж сама Мароз не збірае подпісы за сваё вылучэнне назіральніцай?"У адказ старшыня сельсавета перавёў размову на іншую тэму і хутка сышоў.

Паведамляецца, што Валерый Смалей ездзіў і па іншых пенсіянерах, якія жывуць на тэрыторыі Абухоўскага сельсавета, каб тыя паставілі подпісы за назіральнікаў, якія абавязкова павінны апынуцца на выбарчых участках. Чаму гэта не рабіла сама Мароз і іншыя патэнцыйныя назіральніці і чаму аб іх вылучэнні так клапаціўся старшыня сельсавета - пытанне адкрытае.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Крыніца: Старшыня сельсавета на Гродзеншчыне збіраў подпісы за вылучэнне назіральнікаў