Вяргілій Ушак Пасля двух месяцаў зняволення ўвечары 29 ліпеня з СІЗА-1 на вул. Валадарскага ў Мінску выпусцілі фігуранта справы па ч. 1 арт. 342 КК РБ, палітвязня Вяргілія Ушака. Пра гэта паведаміла яго нявеста, якая сустрэла яго ў 8 вечара каля СІЗА. 

У якім статусе ён зараз знахозіцца, праваабаронцы ў дадзены момант высвятляюць.

Вяргілій Ушак быў затрыманы 29 траўня ў Гродне падчас выбарчага пікета па зборы подпісаў грамадзян у падтрымку вылучэння ў якасці кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Святланы Ціханоўскай. Тады супрацоўнікамі міліцыі быў затрыманы кіраўнік ініцыятыўнай групы, блогер папулярнага YouTube канала “Страна для жизни” Сяргей Ціханоўскі і яшчэ, як мінімум 15 грамадзян, якія прымалі ўдзел у дадзеным пікеце.

8 чэрвеня семярым удзельнікам мерапрыемства, у тым ліку Вяргілію Ушаку, было прад'яўленае абвінавачванне ў арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і звязаныя з яўным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, і ў актыўным удзеле ў такіх дзеяннях (частка 1 артыкула 342 КК Рэспублікі Беларусь). 9 траўня праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала яго палітычным зняволеным і запатрабавала неадкладнага вызвалення ўсіх абвінавачаных па артыкуле 342 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь. Пазней міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала беларускіх палітвязняў вязнямі сумлення.

Крыніца: Фігурант "справы Ціханоўскага" Вяргілій Ушак выйшаў на волю