Па стане на 29 ліпеня праваабаронцам "Вясны" вядома, што ў межах крымінальных справаў за падзеі 14 ліпеня ў Мінску затрыманыя мінімум дванаццаць чалавек. Крымінальныя справы распачатыя па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: 363 (супраціўленне супрацоўніку органаў унутраных спраў), 364 (гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў), 342 (арганізацыя і ўдзел у парушэнні грамадскага парадку, спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням супрацоўнікаў органаў унутраных спраў). 27 ліпеня ў межах крымінальнай справы па арт. 364 (гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў) і ч. 1 арт. 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) затрыманы Ілля Туркоў. Ён змешчаны ў Ізалятар часовага ўтрымання на Акрэсціна ў Мінску.

Мінск, 14 ліпеня. Фота: spring96.org
Мінск, 14 ліпеня. Фота: spring96.org

Таксама затрыманы Яўген Каліноўскі. Па папярэдняй інфармацыі яму інкрымінуюць, як і Туркову, два артыкулы Крымінальнага кодэкса: арт. 364 і ч. 1 арт. 342.

Раніцай 29 ліпеня за падзеі 14 ліпеня ў Мінску быў затрыманы Ілля Фрэнь. Яго забралі ў Следчы камітэт на падставе ч. 1 арт. 342 Крымінальнага артыкула.

Раней з 10-сутачнага арышту не выйшаў Спартак Сірэнка, які быў асуджаны нза "ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве" і "непадпарадкаванні законным патрабаванням міліцыі". Вядома, што яго пакінулі пад вартай у якасці падазраванага па арт. 342 Крымінальнага кодэксу  "Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх".

Такім чынам, спіс фігурантаў крымінальных справаў за падзеі 14 ліпеня ў Мінску выглядае так:

  1. Антон Шумаў (ч. 1 арт. 342 і 364 КК),
  2. Уладзіслаў Усцін (арт. 364 КК),
  3. Уладзімір Хамічкоў (арт. 342 КК),
  4. Антон Валавік (ч. 1 арт. 342 і арт. 364 КК),
  5. Спартак Сірэнка (арт. 342 КК),
  6. Ілля Туркоў (арт. 364 і ч.1 арт. 342 КК),
  7. Яўген Каліноўскі (папярэдне, арт. 364 КК і ч. 1 арт. 342 КК),
  8. Ілля Фрэнь (ч. 1 арт. 342 КК).

Праваабаронцам "Вясны" вядома, што па дадзеных крымінальных справах затрыманыя яшчэ мінімум чатыры чалавекі.

* Абвінавачванні пакуль не прад'яўленыя, таму інфармацыя аб інкрымінаваных артыкулах – папярэдняя.

Нагадаем, вечарам 14 ліпеня ў Мінску і іншых гарадах краіны прайшлі стыхійныя акцыі пратэсту супраць нерэгістрацыі кандыдатамі ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі і Валерыя Цапкалы. У сталіцы ў той вечар было затрымана каля 300 чалавек, многія з іх былі аштрафаваныя і адпраўленыя на "суткі".

Пазней па гэтых падзеях былі распачатыя крымінальныя справы па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: 363 (супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў), 364 (Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў), 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).

Крымінальныя справы за падзеі 14 ліпеня ў Мінску. Што вядома?

14 ліпеня ў Мінску былі распачатыя крымінальныя справы па арт. 363, арт. 364 і арт. 342 Крымінальнага кодэкса. "Вясна" публікуе вядомую па стане на 23 ліпеня інфармацыю.

Крыніца: Працягваюцца затрыманні ў межах "крыміналак" за падзеі 14 ліпеня ў Мінску. Ужо мінімум 12 фігурантаў