ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" вядома мінімум пра 10 выпадкаў, калі журналісты розных замежных выданняў накіравалі ў МЗС Беларусі заяўкі на атрыманне часовай акрэдытацыі для працы ў краіне, але па сканчэнні 20-дзённага ўстаноўленага тэрміну, які даецца на разгляд, так і не атрымалі адказу.

У выніку гэтага замежныя журналісты  пакуль не могуць прыбыць у Беларусь для працы. Многія з іх раней ужо асвятлялі падзеі ў нашай краіне, атрымлівалі акрэдытацыю МЗС.

У прэс-службе Міністэрства замежных спраў сітуацыю тлумачаць тым, што з-за пандэміі каранавірусу на пасяджэнне не можа сабрацца камісія, якая прымае рашэнне аб акрэдытацыі журналістаў.

Выклікае сумнеў, што ў XXI стагоддзі адно з самых перадавых міністэрстваў не можа правесці пасяджэнне камісіі з дапамогай сучасных сродкаў сувязі.

Крыніца: МЗС Беларусі масава затрымлівае акрэдытацыю журналістаў замежных СМІ