Сацыяльныя актывісты, у якіх 26 верасня праходзілі ператрусы, правялі прэс-канферэнцыю, падчас якой распавялі падрабязнасці таго, што адбывалася ў той дзень у іх дамах.
Ператрусы амаль адначасова (каля 7 гадзін раніцы) распачаліся ў трох розных месцах. Супрацоўнікі крымінальнага вышуку і людзі ў балаклавах прыйшлі ў дамы экалагічнай актывісткі Марыны Дубінай, журналісткі-фрылансера Марыны Кастылянчанка і валанцёркі Праваабарончага цэнтру “Вясна” Анісіі Казлюк.
У кватэру Марыны Кастылянчанка ўварваліся чатыры супрацоўнікі ў цывільным і два ў чорных масках. Толькі два з гэтых шасці назвалі свае прозвішчы. У пастанове на правядзенне следчых дзеянняў, якую паказалі журналістцы, было адзначана, што вобшук праводзіцца ў межах крыміналнай справы аб падпале рэкламнага білборду ў Івацэвічах, і што ёсць падазрэнне, што ў хаце, дзе яна жыве, могуць знаходзіцца зброя і выбуховыя рэчы.
У выніку ператрусу, які доўжыўся паўтары гадзіны, у Марыны забралі чатыры ноўтбукі, кнігі, запісы. Паводле слоў журналісткі, усе гэтыя рэчы ўжо вымаліся ў яе падчас вясновага вобшуку, прайшлі праз экспертызу, вернутыя ёй і зараз вынятыя ў другі раз.
Калі супрацоўнікі крымінальнага вышуку ў балаклавах, з аўтаматамі, молатам і ломам прыйшлі ў дом да валанцёркі “Вясны” Анісіі Казлюк, яе дома не было, прысутнічала толькі суседка. Калі тая папрасіла гэтых людзей прадставіцца, ёй адказалі: «Вы што, фільмаў пераглядзелі?» Таксама паабяцалі прыкаваць яе кайданкамі да батарэі, калі тая будзе задаваць шмат пытанняў. Пасля гадзіны вобшуку следчыя забралі носьбіты інфармацыі, флэш-карту з фотаапарата і нататнікі Анісіі.
Але асноўныя “следчыя дзеянні” у той дзень адбываліся ў прыватным двухпавярховым доме, дзе жыве выканаўчая дырэктарка грамадскага аб’яднання «Экадом» Марына Дубіна і яе сябры – актывісты анархісцкага руху. Там ператрус цягнуўся 11 гадзін.
“Я прачнулася каля 7.10 ранку таму, што ў дзверы пачалі моцна грукаць і крычаць. Калі я толькі пачала адчыняць дзверы, па іх з усёй сілы ўдарыў чалавек з аўтаматам, і, адпаведна, гэтыя дзверы ўдарылі мяне так, што зараз мая рука ў сіняках. Людзі ў балаклавах уварваліся ў дом і пачалі крычаць, каб мы ляглі на падлогу, на пытанні пра тое, на якой падставе ўсё адбываецца, яны не адказвалі”, - адзначае экалагічная актывістка.
“Калі людзі ў камуфляжы адчынілі дзверы, яны адразу паклалі мяне на падлогу, ударылі нагамі. Пры гэтым было адчуванне, што яны ўвогуле не надта разумеюць, хто жыве ў гэтым доме і што ўвогуле адбываецца. Яны спачатку бегалі па першым паверсе, потым рэзка ўсе разам пабеглі на другі, затым адзін спусціўся і без прычыны ударыў мяне ў грудзі і па галаве”, - распавядае сусед Марыны Дубінай, актывіст анархісцкага руху Ігар Трухановіч.
Спачатку ў дом зайшлі чатыры чалавекі ў цывільным і тры ў камуфляжы, але на працягу дня колькасць людзей у цывільным павялічалась да 15. Падстава для ператрусу тая ж — падпал білборда ў Івацэвічах і зноў падазрэнні, што ў доме ёсць выбухоўка. Усіх прысутных у доме (акрамя Дубінай там знаходзіліся яшчэ чатыры чалавекі, сярод якіх грамадзянка Германіі) адвялі ў адзін пакой, выйсці з якога можна было толькі пасля дазволу следчага. Усе рэчы, якія зацікавілі крыміналістаў, яны неслі на кухню і скідвалі ў адну кучу. На заўвагі і прапановы напісаць, дзе чые рэчы, следчыя адказвалі, што так зручней і «потым разбярэмся».
У агульную кучу паклалі і грошы анархіста Ігара Трухановіча. Паводле слоў Ігара, спачатку, калі грошы пералічылі пры панятых, было 1550 еўра. Калі ж пачалі складаць канчатковы акт выняцця, аказалася, што ў агульнай кучы — ужо 1055 еўра. Следчыя спрабавалі ціснуць на панятых, каб тыя прызналі, што першапачатковая сума была менавіта 1055 еўра. У выніку гэтая сума і была ўнесеная ў канчатковы акт, а ўладальніку грошаў прапанавалі пісаць скаргу на следчых і такім чынам шукаць зніклыя 500 еўра.
Пасля 11 гадзін вобшуку з дому забралі кампутарную тэхніку, мабільныя тэлефоны ўсіх жыхароў, шмат літаратуры. Копію пратаколу аб канфіскаваных рэчах на рукі актывістам не выдалі, а ў саміх пратаколах не пазначылі, якія рэчы каму належаць. На пытанне аб тым, дзе і калі іх можна будзе забраць, актывістам прапанавалі тэлефанаваць у Івацэвіцкі РАУС і ўжо разбірацца з мясцовым следчым.
Дакладнай прычыны ператрусаў ніхто з актывістаў не ведае, але ёсць шэраг здагадак, чаму ўсё адбылося менавіта ў іх дамы.
“Магчыма гэта звязана з сакавіцкімі падзеямі, бо тады ва ўсіх гэтых дамах праходзілі вобшукі. Характэрна, што паміж ператрусамі прайшло як раз паўгады. Таксама гэта можа быць своеасаблівай прэвентыўнай мерай перад кастрычніцкіміі акцыямі пратэсту. Магчыма гэта нейкая устаноўка зверху, каб нагадаць актывістам, што за намі актыўна сочуць і ў любы момант могуць прыйсці і ў чым-небудзь абвінаваціць”, - падзялілася меркаваннямі журналістка Марына Кастылянчанка.
Актывісты, у дамах якіх прайшлі ператрусы, не ведаюць, у якім статусе па справе аб падвале білборда ў Івацэвічах яны зараз знаходзяцца. Але з любым выпадку маюць намер абскарджваць дзеянні праваахоўных органаў.
Крыніца: Сацыяльныя актывісты распавялі падрабязнасці ператрусаў у сваіх дамах