Як стала вядома Праваабарончаму цэнтру “Вясна” ад актывіста Андрэя Шарэнды, асуджанага да адміністрацыйнага арышту на 15 сутак за ўдзел у масавым мерапрыемстве “Дні Волі”, у пастарунку пры транспартнай міліцыі ў Брэсце з’яўвіўся стэнд з фотаздымкамі ўдзельнікаў “маршаў недармаедаў”.

Некалькі дабразычліўцаў даслалі Андрэю Шарэндзе ды іншым людзям, што аказаліся пад увагай праваахоўнікаў, інфармацыю пра гэты стэнд з папярэджаннем быць больш бяспечнымі.

“Яшчэ перад 25 сакавіка даходзіла да мяне інфармацыя пра тое, што па ўсім РАУСам і апорным пунктам міліцыі ў Брэсце разасланы нейкі спіс на затрыманне і дагляд.

Наколькі я ведаю, за тымі людзьмі, якія змешчаны на фатаздымку, уважліва сачылі ды чакалі пад домам міліцыянты і людзі ў цывільным”, - распавёў Андрэй Шарэнда.

Ён адзначыў, што літаральна пару тыдняў таму міліцыянты перасталі яго пільнаваць.

“Увогуле, калі мяне затрымалі ў Мінску 25 сакавіка, аказалася, што я нібыта ў росшуку знаходзіўся, як асоба, што “схавалася з месца жыхарства”. І мне нават невядома, ці знялі мяне з такога росшуку зараз. Можа быць гэтыя здымкі звязаныя з такімі нібыта “росшукамі” і з масавымі мерапрыемствамі, што плануюцца ў Мінску 26 красавіка і 1 траўня”, - падрэсліў актывіст.

Андрэй Шарэнда не выключае, што гэты стэнд быў спецыяльна зроблены, каб напужаць, аказаць ціск, папярэдзіць актывістаў перад пратэстнымі акцыямі.

Юрыстка ПЦ “Вясна” Наста Лойка адзначае:

“Зараз надаль назіраецца тэндэнцыя, калі ў рэгіёнах спускаюць "разнарадкі" па пераследзе рэгіянальных актывістаў. Гэта не мае нічога агульнага з правам і законам, а проста "паляванне на вядзьмарак". Гэтыя людзі адбылі свае арышты і атарымалі свае штрафы за ўдзел у акцыях, альбо былі затрыманыя прэвентыўна ў сувязі з грамадзкай актыўнасцю. Вывешваць жа іх на стэнд і караць па надуманых прычынах – проста супрацьпраўна. Спадзяюся, на такія выпадкі адрэагуе пракуратура, у якую мы плануем звярнуцца па гэтым факце, і такая ганебная практыка спыніцца”.

Крыніца: Фотаздымкі “сутачнікаў” вывесілі на стэндзе ў Брэсцкім пастарунку