Праваабаронцам "Вясны" 10 ліпеня паведамляецца пра затрыманні, пераслед актывістаў і простых людзей на розных падставах: удзел у велапрабегах салідарнасці, акцыях, крытычныя каментары ў сацсетках і інш. У Мінску затрыманы актывіст Яўген Міхасюк. Ён прымаў удзел у мінскіх велапрабегах салідарнасці. Цяпер ён знаходзіцца ў Цэнтральным РУУСе.

Яўген Міхасюк. Фота: 34mag.net
Яўген Міхасюк. Фота: 34mag.net

Сёння раніцай таксама быў затрыманы Шота Лобжанідзэ. Дома супрацоўнікі міліцыя правялі ў яго вобшук альбо агляд і канфіскавалі мабільны тэлефон. Прычынай затрымання стала тое, што Шота нібыта напісаў у сацсетках нейкае паведамленне — і з гэтай нагоды на яго паступіла заява ў міліцыю ад двух грамадзян. Міліцыя праводзіць свае дзеянні ў рамках праверкі па гэтай справе. Мінчука адвезлі ў Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗіК).

Мінчук Шота Лабжанідзэ затрыманы і дастаўлены ў ГУБАЗіК

Як стала вядома "Вясне", 10 ліпеня ў першай палове дня на працу да мінчука Шоты Лобжанідзэ прыехалі супрацоўнікі міліцыі і без тлумачэння прычынаў затрымалі яго. Пасля гэтага Шоту павезлі да яго дадому і правялі ператрус альбо агляд, у выніку чаго канфіскавалі яго мабільны тэлефон.

Раніцай, прыкладна ў 7 гадзін, 10 ліпеня супрацоўнікі міліцыі правялі вобшук ў мінчука Артура Цыбульскага, у выніку якога канфіскавалі тэхніку. Падстава — нібы той пакінуў каментар у сацсетках 23 чэрвеня. Дзеянні праводзіліся ў парадку крымінальнага працэсу.

У Брэсце участковы Дубольскі выклікае ў міліцыю Марыну Круглову. Яна ўдзельнічала ў мірных акцыях пратэсту.

Паведамляецца, што ў Салігорску доўгі час не выходзіць на сувязь Алена Колікова.

Таксама 10 ліпеня адбываюцца суды на затрыманымі 9 ліпеня над удзельнікамі велапрабегаў салідарнасці Андрэем Бароўскім і Аляксандрам Масяйчуком. Вядома, што іх судзяць у судзе Цэнтральнага раёна Мінска па арт. 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве). Ноч яны правялі ў ізалятары.

Інфармацыя ўдакладняецца і дапаўняецца.

Калі вас ці вашых знаёмых затрымалі, просім паведаміць праваабаронцам: +37529-841-39-81 (Signal, WhatsApp, Telegram).

Крыніца: Хроніка пераследу актывістаў 10 ліпеня