Праваабаронца Валянцін Стэфановіч. Увечары 9 ліпеня на дзяржаўным тэлеканале АНТ паказалі сюжэт, які быў названы "спецрасследаваннем", паведамляе Еўрарадыё. У ім паказалі кадры вочнай стаўкі патэнцыйнага кандыдата на пасаду прэзідэнта Віктара Бабарыкі і яго былога намесніка ў банку Кірыла Бадзея. Пры гэтым нейкіх слоў ад Бабарыкі не прагучала.

Праваабаронца “Вясны” Валянцін Стэфановіч адзначае, што сюжэт зроблены выключна ў прапагандысцкім ключы і кожныя выбары грамадзянам паказваюць такога кшталту “кіно”.

“Такім жа быў у 2010 годзе фільм “Жалезам па шклу”, а ў 2017 годзе мы бачылі сюжэт пра ліст ад фраў А. і “Белы легіён”, у якім дэманстраваліся аўтаматы ў багажніках аўтамабіляў, гранаты. А ў выніку справу спынілі за адсутнасцю склада крымінальнага злачынства”, – кажа праваабаронца.

Валянцін Стэфановіч узгадвае, што гэта не першы выпадак, калі на дзяржаўным тэлебачанні дэманструюцца матэрыялы следства. Бывалі выпадкі, калі паказвалі матэрыялы са следства і следчыя дзеянні, а справа потым у судовым паседжанні разглядалася ў закрытым рэжыме.  

“Мы, праваабаронцы, расцэньваем такія сюжэты, як парушэнне прынцыпаў справядлівага судовага разбіральніцтва ў частцы таго, што прэзумпцыя невінаватасці гарантаваная Канстытуцыяй для ўсіх грамадзянаў Беларусі.

І з аднаго боку, з адвакатаў Віктара Бабарыкі былі ўзятыя падпіскі аб неразгалошванні матэрыялаў следства і яны не могуць каментаваць ход следства і нейкім чынам пракаментаваць тое, што было прадэманстравана ў гэтым фільме, а з іншага боку фактычна, праз дзяржаўныя СМІ у абвінаваўчым ключы разгалошваюцца гэтыя самыя матэрыялы следства”, – падкрэслівае юрыст "Вясны".

Валянцін Стэфановіч нагадвае, што парушэнне прынцыпаў справядлівага судовага разбіральніцтва, як раз такі і "сведчыць пра палітычны характар пераследу Віктара Бабарыкі з боку ўладаў і дэманструе іх рэальные матывы, а менавіта – спыненне ягонай публічнай дзейнасці і рэалізацыі права на кіраванне сваёй краінай праз удзел у выбарах.

Крыніца: Праваабаронца: Парушэнне прэзумпцыі невінаватасці сведчыць пра палітычны характар пераследу Віктара Бабарыкі