9 ліпеня, роўна за месяц да прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, нямецка-швейцарская праваабарончая арганізацыя Libereco - Partnership for Human Rights распачала кампанію салідарнасці з беларускімі палітвязнямі. Пра гэта гаворыцца на сайце арганізацыі. 

Кампанія пад назвай #WeStandBYyou заклікае да салідарнасці з усімі людзьмі ў Беларусі, якія імкнуцца да свабодных і сумленных выбараў, дэмакратызацыі краіны, вяршэнства закона і павагі да правоў чалавека.

“У правытнасці, наша салідарнасць адрасаваная ўсім палітвязням у Беларусі, якія мусяць быць неадкладна вызваленыя. Мы не павінны сядзець без справы, калі людзі ў цэнтры Еўропы пераследуюцца за тое, што проста ажыццяўляюць свае асноўныя правы на свабоду выказвання меркаванняў і сходаў”, — сказаў Ларс Бюнгер, прэзідэнт швейцарскай секцыі Libereco.

Усе, хто хоча падтрымаць ахвяраў палітычнага пераследу ў Беларусі, могуць зрабіць гэта ў сацыяльных секах з дапамогай хэштэга #WeStandBYyou.

У межах кампаніі #WeStandBYyou дэпутаты еўрапейскіх парламентаў заяўляюць пра гатоўнасць стаць “хроснымі бацькамі” палітвязняў у Беларусі і дамагацца іх вызвалення.

Мануэль Сарацын, прэс-сакратар па ўсходнееўрапейскай палітыцы фракцыі “Бюндніс 90/Зялёныя” ў нямецкім Бундэстагу, стаў хросным блогера Ігара Лосіка, які знаходзіцца ў СІЗА з 25 чэрвеня.

foto-manuel-belarus-632x783.jpg
Мануэль Сарацын. Фота з сайта www.lphr.org

З гэтай нагоды Сарацын заявіў:

“Як дэпутат нямецкага Бундэстага я патрабую неадкладнага і безумоўнага вызвалення Ігара Лосіка і ўсіх іншых палітвязняў. Свабода прэсы і свабода меркаванняў — не злачынствы. Свабода прэсы і свабода перакананняў — гэта ўсеагульныя правы чалавека, якія павінны выконвацца ўсюды. Такім чынам, прымяненне артыкула 342 Крымінальнага кодэкса Беларусі з'яўляецца фарсам. Гэтыя палітычныя рэпрэсіі пагарджаюць дэмакратыяй і не маюць нічога агульнага з вяршэнствам закона.

Урад Германіі і ЕС павінны тэрмінова разгледзець пытанне аб узмацненні жорсткасці санкцый. Сотні затрыманняў, рэпрэсіі супраць журналістаў і блогераў, арышты, ізаляцыя альбо запалохванне апанентаў рэжыму не з'яўляюцца падставай для палітыкі збліжэння, нават малых яе крокаў”.

Крыніца: Дэпутаты парламентаў краін ЕС стануць “хроснымі” беларускіх палітвязняў