Камітэт па абароне журналістаў Беларускія ўлады павінны неадкладна вызваліць усіх журналістаў, затрыманых за іх працу, і дазволіць прэсе асвятляць выбары, якія павінны адбыцца ў краіне, не асцерагаючыся пераследаў, заявіў Камітэт па абароне журналістаў.

Паводле паведамленняў СМІ, з 15 чэрвеня ўлады па ўсёй краіне арыштавалі па меншай меры шасцярых блогераў. Выступаючы ў парламенце 26 чэрвеня, міністр унутраных спраў Юрый Караеў заявіў, што блогеры імкнуцца здзейсніць "рэвалюцыю" напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у краіне 9 жніўня, паведамляе дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БелТА.

Барыс Гарэцкі, намеснік кіраўніка Беларускай асацыяцыі журналістаў, паведаміў КАЖ, што, паколькі ўрадавая цэнзура шырока распаўсюджаная сярод асноўных тэлевізійных, радыё - і друкаваных выданняў, многія грамадзяне атрымліваюць навіны ад незалежных журналістаў у Інтэрнэце.

"У сваёй апошняй спробе падаўлення крытычных галасоў, беларускія ўлады кінулі па меншай меры паўтузіна блогераў за краты, абвінаваціўшы іх у тым, што яны рыхтуюць рэвалюцыю, – сказала ў Нью-Ёрку Гульноза Саід, каардынатарка праграмы КАЖ па Еўропе і Цэнтральнай Азіі. – Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка павінен неадкладна вызваліць гэтых журналістаў, асабліва калі ён хоча, каб маючыя адбыцца ў краіне выбары мелі хаця б бачнасць легітымнасці".

15 чэрвеня ўлады горада Брэста затрымалі Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава, якія публікуюць палітычныя каментары на канале YouTube "Народны рэпарцёр", што мае блізу 50 000 падпісчыкаў, і "Дэпутаты Youtube". 20 чэрвеня ім было выстаўленае абвінавачванне ва "удзеле ў дзеяннях з адкрытым непадпарадкаваннем законным патрабаванням уладаў", паведамляецца ў навінах.

З моманту затрымання яны ўтрымліваюцца ў Мінскім следчым ізалятары, дзе здароўе Кабанава пачало рэзка пагаршацца пасля заражэння каранавірусам. Міліцыя сцвярджае, што абодва блогеры былі звязаныя з выбарчай кампаніяй кандыдата ад апазіцыі Святланы Ціханоўскай і кіраўніка яе ініцыятыўнай групы, вядомага блогера Сяргея Ціханоўскага.

25 чэрвеня супрацоўнікі праваахоўных органаў у Мінску затрымалі Ігара Лосіка, блогера радыёстанцыі "Радыё Свабода". Лосік таксама кіруе тэлеграм-каналам "Беларусь галаўнога мозгу", які публікуе крытычныя каментары пра Лукашэнку і мае каля 165 000 падпісчыкаў.

Лосік застаецца пад вартай, але яму яшчэ не было прад'яўлена абвінавачванняў, паведаміў Гарэцкі КАЖ.

У той жа дзень міліцыя затрымала Уладзіміра Няронскага, вядучага YouTube-канала "Слуцк для жыцця", і пачала крымінальнае расследаванне ў дачыненні да яго. "Слуцк для жыцця" асвятляе палітыку і сацыяльныя пытанні краіны, і ў яго каля 13 000 падпісчыкаў.

25 чэрвеня трое супрацоўнікаў міліцыі збілі і затрымалі Сяргея Спарыша, блогера і актывіста палітычнай партыі "Народная Грамада", паведамляе "Радыё Свабода".

26 чэрвеня праваахоўныя органы затрымалі Аляксандра Андрэева, вядучага блога палітычных каментароў "Орша для жыцця" на YouTube і Telegram, за неадзначанае "адміністрацыйнае правапарушэнне".

Барыс Гарэцкі паведаміў Камітэту па абароне журналістаў, што не верыць, што нехта з блогераў зрабіў нешта дрэннае ці неправамернае; ён сказаў, што яны "толькі збіралі і распаўсюджвалі інфармацыю, якая крытыкуе прэзідэнта Лукашэнку, таму ўлады вырашылі арыштаваць іх да прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня". Ён таксама падзяліўся з КАЖ сваімі падазрэннямі аб тым, што блогеры застануцца пад вартай да заканчэння выбараў.

КАЖ некалькі разоў тэлефанаваў у Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі для атрымання каментароў па справах, але на званкі ніхто не адказаў.

Крыніца: Камітэт па абароне журналістаў: Беларускія ўлады затрымалі па меншай меры шэсць блогераў