Ілюстрацыйнае фота На пачатку ліпеня апублікаваны вынік першага вымярэння індэкса забароны катаванняў у краінах АБСЕ, які быў ініцыяваны Працоўнай групай па барацьбе з катаваннямі Платформы "Грамадзянская салідарнасць"*.

Зводны паказчык індэкса змяшчае ацэнкі дзяржаўнага механізму рэагавання на катаванні, судовага кантролю, наяўнасці нормаў у нацыянальным заканадаўстве, якія забараняюць катаванні, узроўню забеспячэння працэсуальных гарантый, якія працуюць на прэвенцыю катаванняў, працуючых у краіне механізмаў і сродкаў прэвенцыі катаванняў і ступені прыняцця дзяржавай міжнародных абавязацельстваў у галіне забароны катаванняў.

Паводле праведзенага даследавання, Беларусь заняла апошняе месца ў рэйтынгу постсавецкіх краін-удзельніц АБСЕ.

Юрыст ПЦ "Вясна" Павел Сапелка, які ўдзельнічаў у падрыхтоўцы Індэкса, адзначае:

"Беларусь заняла належнае месца ў Індэксе. Стан спраў з процідзеяннем катаванням і забароненым відам абыходжання з боку дзяржавы –гнятлівы. Такі вынік, магчыма, дапаможа зрушыць справу з мёртвай кропкі і палепшыць становішча ахвяраў".

На думку эксперта, Індэкс ацэньвае не столькі становішча з катаваннямі і жорсткім абыходжаннем – ёсць краіны, дзе гэтыя паказчыкі, магчыма, і горш, чым у Беларусі, колькі тое, што дзяржава робіць для барацьбы з гэтымі з'явамі. Ні па адным з паказчыкаў, якія падлягаюць аналізу ў Індэксе, Беларусь не мела шанцаў атрымаць высокі бал.

Праблемы, пра якія ідзе гаворка, вядомыя кіраўніцтву дзяржавы: многія з іх апісаў у сваіх рэкамендацыях Камітэт супраць катаванняў ААН, пра многіх – заяўлялі праваабаронцы і юрысты.

Вось асноўныя з фактараў, якія паўплывалі на Індэкс забароны катаванняў у Беларусі і такі нізкі рэйтынг па гэтым паказчыку.

  • Беларусь не падпісала і не ратыфікавала Факультатыўны пратакол да Канвенцыі супраць катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання.

Што гэта азначае на практыцы? Гэта азначае, што Беларусь не прызнала неабходнасці "стварэнні сістэмы рэгулярных наведванняў, якія ажыццяўляюцца незалежнымі міжнароднымі і нацыянальнымі органамі, месцаў, дзе знаходзяцца пазбаўленыя свабоды асобы, з мэтай папярэджання катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных або прыніжаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання".

Беларусь не прызнала паўнамоцтвы Падкамітэту па папярэджанні катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных або зневажальных годнасць відаў абыходжання і пакарання Камітэта супраць катаванняў ААН, які мае шырокія паўнамоцтвы, у тым ліку, па расследаванні ўмоў утрымання і фактаў катаванняў у месцах зняволення.

Таксама Беларусь адмовілася ад стварэння на нацыянальным узроўні аднаго або некалькіх "органаў для наведванняў у мэтах папярэджання катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных або зневажальных годнасць відаў абыходжання і пакарання (далей названых нацыянальнымі прэвентыўнымі механізмамі)".

І гаворка тут не ідзе пра паўнамоцтвы грамадскіх наглядальных камісій або пракуратуры ў расследаванні прымянення катаванняў. Маецца на ўвазе стварэнне інстытута амбудсмена і яго офіса (могуць называцца па-рознаму ў розных краінах), якія могуць прыбыць у любую калонію або СІЗА ў любы час і сустрэцца з любым зняволеным. Таму прадстаўнікоў з ГНК, якія ходзяць на экскурсіі раз у год у ПК, і пракурораў, якія маюць у ліку асноўных функцыю падтрымання дзяржаўнага абвінавачвання ў судзе, адносіць да нацыянальнага прэвентыўнага механізму ніяк нельга.

  • На працягу апошніх двух гадоў Беларусь не публікуе афіцыйнай статыстыкі па колькасці зняволеных у месцах пазбаўлення волі, СІЗА, арыштных дамах, установах адкрытага тыпу, ЛПП і месцах утрымання адміністрацыйна арыштаваных. Няма дадзеных аб колькасці людзей, якія прымусова змяшчаюцца ў закрытыя установы аховы здароўя і адукацыі.
  • Беларусь не публікуе статыстыкі аб колькасці скаргаў на катаванні і забароненае абыходжанне; няма звестак аб выніках іх расследавання, як няма і паўнавартаснага расследавання гэтых фактаў.
  • Няма звестак аб колькасці завершаных расследаваннем і накіраваных у суд справаў па абвінавачванні ў катаваннях і забароненым абыходжанні. Няма дадзеных аб вынесеных прысудах па такіх справах.

Зрэдку ў СМІ з'яўляюцца звесткі аб асуджэнні за перавышэнне ўлады супрацоўніка праваахоўных органаў. Гэта адзінкавыя факты, па ім няма поўнай афіцыйнай статыстыкі.

  • Такой статыстыкі можа не быць у прынцыпе: у Крымінальным кодэксе няма ўніверсальнай нормы, якая б утрымлівала вызначэнне катавання ў адпаведнасці з Канвенцыяй аб забароне катаванняў і жорсткіх, бесчалавечных або прыніжаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання і санкцыю за здзяйсненне гэтых дзеянняў.

Вызначэнне катавання пад ціскам Камітэта супраць катаванняў было ўнесена ў КК у выглядзе заўвагі да аднаго з артыкулаў, аднак крыміналізацыя катаванняў ў поўным аб'ёме не адбылася.

Таму, напрыклад, афіцэр МУС Крылоў, адказны за жорсткае бесчалавечнае абыходжанне ў дачыненні да асуджанага Ігара Пцічкіна, панёс адказнасць за неасцярожнае злачынства – неналежнае выкананне абавязкаў медыцынскім работнікам. Па выніках экспертызы, на целе загінулага зняволенага, у якога пры паступленні ў СІЗА не было выяўлена цялесных пашкоджанняў, знойдзеныя некалькі груп прыжыццёвых пашкоджанняў, якія сведчаць аб тым, што ён мінімум тройчы быў збіты ў СІЗА.

  • У Беларусі няма асобнага органа, закліканага расследаваць выпадкі катаванняў і забароненага абыходжання.

"Незалежны" Следчы камітэт такім органам не з'яўляецца: яго следчыя расследуюць практычна ўсе віды злачынстваў, а пракуратура ад расследавання такіх спраў ухіляецца.

Па кожнай заяве аб катаваннях замест расследавання праводзіцца праверка, якая ўстанаўлівае не факт прымянення катавання або забароненага абыходжання, а вінаватасць ці невінаватасць службовых асобаў.

  • Суд у Беларусі не абавязаны прадпрымаць нейкія меры ў выпадку, калі абвінавачаны заявіць пра ўжыванне ў дачыненні да яго катавання: суддзя не абавязаны прызначаць адпаведную экспертызу, няма нормы, якая б прама забараняла выкарыстанне доказаў, атрыманых пад катаваннем.

"Хто з гэтым сцвярджэннем не згодны – запрашаю азнаёміцца з гісторыяй заявы ў Вярхоўным Судзе асуджанага да смяротнага пакарання і ўжо расстралянага Сямёна Беражнога: ён настойваў на тым, што стаў ахвярай жорсткіх збіванняў у перыяд расследавання справы. Вярхоўны Суд праігнараваў гэтыя заявы, а Следчы камітэт да апошняга адмаўляўся пачаць праверку гэтых заяў", – падкрэслівае Павел Сапелка.

  • У цэлым працэсуальныя гарантыі затрыманых у КПК замацаваныя на тым узроўні, які не гарантуе абароны супраць катавання.

Так, правілы аб падставах і дакументаванні затрымання рэгулярна парушаюцца; затрыманаму тлумачыцца яго права мець абаронцу – адваката, аднак КПК не ўтрымлівае ніякіх нормаў, накіраваных на забеспячэнне магчымасці рэалізацыі гэтага права: няма ніякіх тэрмінаў для паведамлення адвакату аб затрыманні, нормаў аб максімальных тэрмінах для допуску адваката да затрыманага, няма санкцый за парушэнне права на абарону і супрацьдзеянне аказання юрыдычнай дапамогі.

Адвакатура ў Беларусі пазбаўленая многіх прыкметаў гэтага інстытута: адвакаты пазбаўленыя магчымасці выконваць свае абавязкі і рэалізоўваць правы ў атмасферы, свабоднай ад страху і запалохванняў. У працэсуальную дзейнасць адвакатаў умешваюцца прадстаўнікі органаў выканаўчай улады, а органы адвакацкага самакіравання ажыццяўляюць неўласцівыя ім функцыі падаўлення адвакацкіх свабодаў.

Свабодны доступ адвакатаў да падабаронных можа быць беспакарана абмежаваны.

  • Любы затрыманы можа "знікнуць": няма адзінага рэестру затрыманых; апавяшчэнне аб затрыманні родных можа займаць ад трох гадзін у адміністрацыйным парадку да дванаццаці – у крымінальным, а на практыцы можа наогул не адбыцца.
  • Абсталяванне месцаў несвабоды відэаназіраннем з запісам адбылося не паўсюдна; выкарыстанне відэазапісу ў якасці доказу адбываецца з цяжкасцямі, паколькі гэтыя доказы даступныя да ўмяшання зацікаўленых асобаў.

Напрыклад, асуджаны Пётр Кучура сцвярджае, што начальнік калоніі ўдарыў яго ў сваім кабінеце. Той, натуральна, адмаўляе гэты ганебны факт. Расследаванне магло б доўжыцца некалькі гадзінаў, калі б у памяшканнях ПК вёўся відэазапіс, доступ да якога быў бы абмежаваны толькі вузкім колам кантралюючых органаў.

  • У выніку ў 2019 годзе КПЧ ААН пяць разоў паведаміў Беларусі аб парушэнні ёю арт. 7 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах – права не падвяргацца катаванням і забароненым відах абыходжання. Наша дзяржава паслядоўна ігнаруе гэтыя рашэнні.

"Для тых, хто так ці інакш быў "у тэме", было і засталося зусім відавочным: стаць ахвярай катавання або забароненага абыходжання ў Беларусі нескладана, а вось запусціць эфектыўны механізм расследавання гэтых выпадкаў – нерэальна. Таму што гэтага механізму папросту няма, а ёсць імітацыя праверкі заявы пацярпелага боку, якая ніяк не з'яўляецца расследаваннем. Таму пра факты катаванняў і жорсткага абыходжання большасць ахвяраў пераважна нават не паведамляць уладам.

У адказ можна пачуць пытанне: а што, у іншых краін становішча лепш? Так, па многіх паказчыках лепш. Менавіта гэтыя паказчыкі дазволілі ім набраць у Індэксе большую колькасць балаў. Гэтыя балы ўсе разам і кожны паасобку – правы і магчымасці звычайных людзей пазбегнуць катавання або – калі яны ўсё ж падвергліся катаванням, быць абароненымі ў далейшым ад выкарыстання вынікаў гэтых катаванняў і мець магчымасць прыцягнуць вінаватых да адказнасці", – упэўнены юрыст ПЦ "Вясна".

Многія аспекты барацьбы з катаваннямі не ўлічваліся распрацаваным Індэксам. Але будучы ўлічанымі, Беларусь бы не рабілі лепей: напрыклад, у Беларусі катаванні і жорсткае абыходжанне не асуджаныя на высокім узроўні і не заяўлена аб іх непрымальнасці; да вінаватых у катаваннях прымяняюцца тэрміны даўнасці прыцягнення да крымінальнай адказнасці; Беларусь не ў поўнай меры супрацоўнічае з Камітэтам супраць катаванняў: у прыватнасці, не прадстаўлена інфармацыя аб наступных дзеяннях па выкананні рэкамендацый, дадзеных КПП па выніках разгляду апошняй справаздачы Беларусі ў Камітэце.

"Чым могуць адказаць ўлады? Вядома папрокамі ў тэндэнцыйнасці. Гэта будзе несправядліва: у аснове індэкса – аб'ектыўныя дадзеныя. Другое – скаргі на недахопы сродкаў для рэалізацыі поўнага комплексу мераў. У нейкіх пытаннях гэта можа быць справядлівай заўвагай: напрыклад, у пытанні стварэння нацыянальнага прэвентыўнага механізму або відэаназірання, якое каштуе грошай. Але якія выдаткі на публікацыю статыстычных дадзеных? Як суадносяцца гэтыя выдаткі (як і выдаткі на змяненне крымінальнага заканадаўства) з выдаткамі дзяржавы на новыя будынкі Вярхоўнага Суда і Следчага камітэта, Еўрапейскія гульні і іншыя мерапрыемствы не першачарговага характару?

Яшчэ ўлады могуць сказаць – паглядзіце, як у РФ (Украіне, Малдове і т.п.). Паглядзіце – і вы, як мінімум, убачыце прысуды злачынцам за катаванні і жорсткасць, пра якія вядома грамадскасці. Убачыце права адваката прыехаць і адздымаць на камеру цялесныя пашкоджанні кліента прама ў калоніі, адкрытыя судовыя паседжанні па меры стрымання і права звяртацца ў ЕСПЧ і многае іншае – не менш важнае", – заключае Павел Сапелка.

*Працоўная група па барацьбе з катаваннямі Платформы "Грамадзянская салідарнасць" – гэта аб'яднанне амаль 100 праваабарончых арганізацый рэгіёну АБСЕ, якая рэалізуе ініцыятывы, накіраваныя на больш поўнае захаванне забароны катаванняў у гэтых краінах. Члены працоўнай групы аналізуюць і выяўляюць праблемы, якія спрыяюць захаванню практык прымянення катаванняў, а таксама распрацоўваюць рэкамендацыі, вядуць перамовы з уладамі і з кіраўніцтвам АБСЕ з мэтай прыцягнуць увагу да праблемы прымянення катаванняў і стварэнню эфектыўных механізмаў іх выкаранення.

У працы над падрыхтоўкай Індэкса забароны катаванняў прынялі ўдзел члены Рабочай групы з васьмі краін:

  • Асацыяцыя Прома-ЛЕКС, Малдова
  • Асацыяцыя ўкраінскіх манітораў захавання правоў чалавека ў дзейнасці праваахоўных органаў, Украіна
  • Ванадзорскі офіс Хельсінкскай грамадзянскай Асамблеі, Арменія
  • Голас свабоды, Кыргызстан
  • Камітэт супраць катаванняў, Расія
  • Праваабарончы рух Бір-Дуйно, Кыргызстан
  • Праваабарончы цэнтр "Вясна", Беларусь
  • Грамадскі фонд "Нотабене", Таджыкістан
  • ГА "Кадыр-касіет", Казахстан
  • Фонд "Грамадскі вердыкт", Расія
  • Хельсінкскі Камітэт Арменіі

Камітэт супраць катаванняў vs Беларусь: прававы аспект

Што такое «катаванне», як працуе Камітэт супраць катаванняў і навошта ўсё гэта трэба Беларусі - у прававым лікбезе ад "Вясны".

Крыніца: Эксперт: "Стаць ахвярай катаванняў у Беларусі нескладана, а запусціць механізм расследавання – нерэальна"