Віталь Грыцкоў Суд Жлобінскага раёну (суддзя Сергяевіч) пакараў маладзёна Віталя Грыцкова 15 суткамі арышту паводле артыкула 23.34 КаАП РБ (парушэнне закону “Аб масавых мерапрыемствах”) за нібыта ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу, піша "Гомельская Вясна".

Супрацьпраўнае дзеянне, згодна з рашэннем суду, выявілася ў тым, што Грыцкоў стаяў у Жлобіне на ходніках ўздоўж праспекта “Вызваліцеляў” 19 чэрвеня і махаў рукой, калі кіроўцы праязджалі міма і сігналілі ў “падтрымку несанкцыянаванага мітынгу”.

У судзе Віталь Грыцкоў патлумачыў, што ён махаў свайму прыяцелю, ніякіх плакатаў не трымаў і нічога не прамаўляў, толькі здымаў на тэлефон усё, што адбываецца.

“Я актыўна ўдзельнічаў ва ўсіх зборах подпісаў за кандыдатаў, - кажа Віталь Грыцкоў, - заўжды здымаю ўсё на тэлефон, выкладаю ў сацсеткі. Мабыць улада бачаць ва мне актывіста і хоча мець магчымасць мяне ў патрэбны для іх час ізаляваць, бо мяне сёння не адправілі на суткі, а адпусцілі дадому. Віны сваёй у судзе я канешне не прызнаў, бо нічога незаконнага не рабіў. Улада спрабуе такім чынам запалохаць актыўных людзей і падавіць грамадскі пратэст”.

У гэты ж дзень жлобінскі суд пакараў яшчэ адну ўдзельніцу ланцугу салідарнасці Святлану Зыль штрафам у 15 базавых (405 рублёў).

“Мне далі 15 базавых штрафу за тое, што я здзейсніла “страшнае правапарушэнне” – стаяла на асфальце і пляскала ў далоні, - абураецца Святлана. – Хай участковыя Пахомаў і Раманенка цяпер ганарацца і ўсім распавядаюць, што паймалі страшнага злачынцу. Супрацоўнікі міліцыі павінны быць прыкладам для ўсіх грамадзянаў, быць сумленнымі, справядлівымі, за праўду. А яны ў сваім народзе бачаць ворагаў. І народ у іх бачыць пагрозу для свайго жыцця. У мяне пытанне да сілавых структураў – чаму яны так пакорна выконваюць незаконныя загады кіраўніцтва, няўжо грошы і ўлада для іх даражэй за ўласную годнасць і годнасць свайго народу?”.

Віталь і Святлана маюць намер абскардзіць у абласным судзе рашэнне жлобінскага раённага суду.

Для Віталя Грыцова гэта ўжо другі адміністратыўны арышт за ўдзел у нібыта несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. У траўне бягучага году ён ужо адседзеў 15 сутак за ўдзел у акцыі салідарнасці з арыштаваным блогерам Сяргеем Ціханоўскім 7 тразня ў цэнтры Гомеля.

Крыніца: Актывіст атрымаў 15 сутак арышту за тое, што махаў рукой аўтамабілям