Ілюстрацыйнае Фота Tut.by Мінская абласная камісія па выбарах прэзідэнта 2 ліпеня правяла паседжанне, на якім устанаўлівалася колькасць выбаршчыкаў па Мінскай вобласці, якія паставілі подпісы ў падтрымку вылучэння кандыдатаў у прэзідэнты. На паседжанні прысутнічаў назіральнік кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Аляксей Лойка. Колькі подпісаў вылучэнцаў прайшлі па Мінскай вобласці?

Старшыня камісіі Аксана Таранда ў пачатку паседжання адзначыла, што "была праведзена вялікая праца разам з сябрамі тэрытарыяльных камісій Мінскай вобласці". Падчас паседжання было агучана дзве прычыны, па якіх подпісы выключаліся з агульнага спісу:

  • подпісы і дата ўчыненыя не адной рукой;
  • пашпартныя дадзеныя не адпавядаюць рэчаіснасці альбо ўнесеныя не вычарпальным чынам. 

Па словах старшыні Мінаблкамісіі па выбарах пры праверцы былі прыцягнутыя супрацоўнікі Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз.

Па выніках праверкі былі агучаныя наступныя вынікі з наступным унясеннем у падрыхтаваны праект рашэння Мінскай абласной камісіі.

Віктар Бабарыка: прызнаныя несапраўднымі подпісы ў чатырох раёнах

У 21 тэрытарыяльную камісію было здадзена 64 558 подпісаў. З іх не падлягалі праверцы 2 665, члены камісіі правяралі 61 893 подпіс. З гэтай колькасці сапраўднымі прызнаныя 31 849. Было праверана 17 346, недакладнымі прызнаныя 3 097 (17.85%). Па выніках праверкі прызнаныя несапраўднымі подпісы, здадзеныя ў:

  • Барысаўскую раённую камісію (4 509 подпісаў);
  • Лагойскую раённую камісію (1 455);
  • Мінскую раённую камісію (23 923);
  • Нясвіжскую раённую камісію (1 258).

Андрэй Дзмітрыеў: толькі тры камісіі з 14 забракавалі подпісы

За вылучэнне ў кандыдаты Дзмітрыева былі здадзеныя подпісы ў 14 тэрытарыяльных камісій (8 883 подпісы). Падлягалі праверцы 8 166. Правераны 1 867, з якіх несапраўднымі прызнаныя 137 (7%). Дакладнымі прызнаныя 8 166 подпісаў.

 Па выніках праверкі подпісы, пастаўленыя ў падтрымку Андрэя Дзмітрыева, недакладнымі былі прызнаныя ў:

  • Жодзінскай гарадской камісіі (23 подпісы);
  • Пухавіцкай раённай камісіі (78 подпісаў);
  • Стаўбцоўскай раённай камісіі (400 подпісаў).

Ганна Канапацкая: прызнаныя несапраўднымі подпісы з чатырох раёнаў

У Мінскай вобласці за вылучэнне Канапацкай былі здадзеныя 1933 подпісы. Падлягалі праверцы 1757. Дакладнымі прызнаныя 811 подпісаў.

Прызнаныя недакладнымі подпісамі за вылучэнне Ганны Канапацкай у:

  • Лагойскай раённай камісіі (436 подпісаў),
  • Пухавічкай раённай камісіі (48 подпісаў);
  • Слуцкай раённай камісіі (430 подпісаў);
  • Уздзенскай раённай камісіі (24 подпісы).

Аляксандр Лукашэнка: несапраўднымі прызнаныя 0.35% ад правераных подпісаў

У 23 тэрытарыяльныя камісіі Мінскай вобласці здадзены 302 266 подпісаў. Падлягалі праверцы 298991. Праверана 64 005, з якіх недакладнымі прызнаныя 223 (0.35%). Сапраўднымі прызнаныя ўсе 298 768 подпісаў.

Святлана Ціханоўская: несапраўднымі подпісы прызнаныя толькі ў адной камісіі з 10

Яна паспела здаць у 10 тэрытарыяльных камісій на Міншчыне 14 037 подпісаў. Падлягалі праверцы 13 864. Сапраўднымі прызнаныя 13 167.

Несапраўднымі прызналі подпісы ў падтрымку Святланы Ціханоўскай толькі ў Смалявіцкай раённай камісіі (585 подпісаў).

Валерый Цапкала: па Мінскай вобласці подпісы забракавалі у пяці раёнах

Подпісы за яго вылучэнне былі здадзеныя ў 15 тэрытарыяльныя камісіі (17346 подпісаў). Падлягалі праверцы 16 993, з якіх былі правераны 5 090. Сапраўднымі прызнаныя 6 902.

Несапраўднымі за вылучэнне Валерыя Цапкалы кандыдатам у прэзідэнты подпісы прызнаныя ў:

  • Барысаўскай раённай камісіі (2531 подпісаў);
  • Лагойскай раённай камісіі (276);
  • Мінскай раённай камісіі (6 645);
  • Мядзельскай раённай камісіі (327);
  • Смалявіцкай раённай камісіі (508).

Сяргей Чэрачань: амаль усе подпісы прызнаныя сапраўднымі

У 10 тэрытарыяльных камісій здадзеныя 15 232 подпісы. З іх падлягалі праверцы 15 088. Па выніках праверкі 3 191 подпісы недакладнымі прызнаныя 139 (4.36%). Дакладнымі прызнаныя 14 949олькасць подпісаў агучана на паседжанні старшынёй камісіі Аксанай Тарандай).

"Падчас зачытвання лічбаў старшынёй камісіі Тарандай была названая адна і тая ж колькасць здадзеных і прызнаных дакладнымі подпісаў у падтрымку вылучэння ў кандыдаты Андрэя Дзмітрыева (8 166). Ні адзін член камісіі не звярнуў на гэта ўвагу: усе галасавалі аднагалосна "за". Толькі пасля заканчэння паседжання назіральнік ад грамадзян Яўген Гацак задаў пытанне аб несастыкоўцы лічбаў. Старшыня камісіі Аксана Таранда прызнала, што зачытала адную і тую ж лічбу двойчы і падзякавала назіральніка за ўважлівасць. Затым яна пачала апраўдвацца, што "толькі зачытваць адны гэтыя лічбы жудасна цяжка". У гэты момант у небе над Мінскім абласным выканаўчым камітэтам пачуўся моцны гром", – распавёў назіральнік кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Аляксей Лойка.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары".

Крыніца: "Толькі зачытваць адны гэтыя лічбы жудасна цяжка". Што па подпісах у Мінскай вобласці?