Па дадзеных праваабаронцаў "Вясны", з пачатку бягучай выбарчай кампаніі 125 чалавек атрымалі агулам 1800 сутак арышту па адміністрацыйных артыкулах, выкарыстаных у мэтах палітычнага пераследу. 246 чалавек атрымалі штрафы агульным памерам амаль у 190000 рублёў. Праваабаронцам вядома як мінімум пра 680 выпадкаў адвольных затрыманняў, якія адбыліся ў перыяд з 6 траўня па 23 чэрвеня. Суды над удзельнікамі перадвыбарчых пікетаў і акцый салідарнасці дагэтуль не спыняюцца. Другога ліпеня яны праходзяць у Гродне і Жлобіне.

У Гродне працягваюць судзіць фігурантаў “справы Ціханоўскага”

У Гародні ў будынку абласным судзе працягваюць разглядацца адміністрацыйныя справы затрыманых падчас пікету 29 траўня разам з Сяргеем Ціханоўскім фігурантаў крымінальнай справы па арт. 342 КК. Гэта палітвязні Вяргілій Ушак, Аляксандр Арановіч і Арцём Сакаў. Пратаколы на іх складзены за той жа інцыдэнт 29 траўня – за які і ўзбуджана крымінальная справа.

Першым разглядалася справа Вяргілія Ушака. На яго складзены два пратаколы пра нібыта адміністрацыйныя правапарушэнні - паводле артыкулаў 17.1 (хуліганства) і 23.4 (непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі). Працэс вяла суддзя Ленінскага раённага суда Наталля Козел. На працэсе выступілі як сведкі службоўцы АМАПу Павел Конан, Дзяніс Серада і Сяргей Рынко.

Суд над Вяргіліем Ушаком
Суд над Вяргіліем Ушаком

У вынік суддзя Наталля Козел засудзіла Вяргілія Ушака агулам да 7 сутак адміністрацыйнага арышту (17.1 - 3 сутак, 23.4 - 4 сутак).

Па такіх жа артыкулах другі палітвязень Аляксандр Арановіч атрымаў 10 сутак арышту (17.1 - 4 сутак, 23.4 - 6 сутак). Рашэнне вынесла тая ж суддзя.

Суд над Аляксандрам Арановічам
Суд над Аляксандрам Арановічам

Пасля абеду будзе разглядацца адміністрацыйная справа аператара “Краіны для жыцця” Арцёма Сакава. На яго складзены пратакол па артыкуле 17.1 КаАП (дробнае хуліганства).

У апошнія тры дні таксама былі асуджана на "суткі" іншыя фігуранты "справы Ціханоўскага" - Уладзімір Кніга, Яўген Разнічэнка, Васіль Баброўскі, Уладзімір Навумік, Зміцер Фурманаў і сам Сяргей Ціханоўскі.

"Падвойнае пакаранне за адно дзеянне". Фігуранты "справы Ціханоўскага" атрымалі суткі, але што тут не так?

Сем фігурантаў "справы Ціханоўскага", уключаючы самога Сяргея Ціханоўскага, атрымалі дадатковыя суткі. Судовыя пасяджэнні па адміністрацыйных справах праходзілі над імі 29, 30 чэрвеня, а таксама 1 і 2 ліпеня ў Гродзенскім абласным судзе на выязным пасяджэнні суда Ленінскага раёна горада Гродна.

Суды ў Жлобіне за тое, што “пляскалі ў далоні”

У дачыненні да Святланы Зыль і жыхара вёскі Стрэшын Віталя Грыцкова склалі пратаколы аб адміністратыўным правапарушэнні за нібыта ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (мітінгу) згодна з арт.23.34 КаАП. Святлану і Віталя вінавацяць у тым, што яны стаялі ўвечары 19 чэрвеня на плошчы “Вызваліцеляў” і пляскалі ў далоні.

Суд над Святланай Зыль і Віталём Грыцковым адбудзецца 2 ліпеня ў 14.30 і 15.30.

Крыніца: 1800 сутак і амаль 190000 рублёў штрафаў з пачатку выбарчай кампаніі. Суды працягваюцца