Уладзімір Лабковіч. Фота: "Радыё Свабода" “Радыё Свабода” 30 чэрвеня правяла прамы эфір “Без Цапкалы. Каго не зарэгіструюць улады”, у якім таксама браў удзел каардынатар кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Уладзімір Лабковіч. Падчас размовы з прадстаўнікамі штабаў альтэрнатыўных вылучэнцаў абмяркоўвалі, чаму выбарчыя камісіі тысячамі прызнаюць несапраўднымі подпісы за альтэрнатыўных кандыдатаў, што наогул адбываецца і што можна з гэтым зрабіць.

Падчас размовы журналіст Свабоды Дзмітрый Гурневіч запытаўся ў Уладзіміра Лабковіча, ці з’яўляецца падставай для нерэгістрацыі ў якасці кандыдата ў прэзідэнты Беларусі прызнанне паловы зданых на праверку подпісаў неспраўднымі. Каардынатар кампаніі адзначыў тады, што “не мае значэнне колькі прызнана подпісаў несапраўднымі. Калі застаецца больш за 100 тысяч подпісаў, то претэндэнт – амаль кандыдат"

Цяпер Уладзімір Лабковіч удакладняе свой адказ у стрыме Свабодзе, што сапраўды так было да 2013 года. Але потым Выбарчы кодэкс дапоўнілі новым артыкулам 68-1 "Адмова ў рэгістрацыі кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, у дэпутаты". У ім пазначаецца, што падставай у адмове ў рэгістрацыі кандыдата ў прэзідэнты, у тым ліку, з’яўляецца “наяўнасць у падпісных лістах па вылучэнню кандыдата ў Прэзідэнты у цэлым па Рэспубліцы Беларусь больш за 15 працэнтаў несапраўдных подпісаў ад агульнай колькасці правераных подпісаў выбаршчыкаў”.

“Гэта значыць, што няважна, калі за прэтэндэнта ў кандыдаты падпісалася нават 500 тысяч чалавек. З гэтай нормы вынікае, што дастаткова праз праверкі па ўсёй краіне адхіліць 65% – і ўжо могуць не зарэгістраваць кандыдатам. І чым больш подпісаў у камісіі здаецца, тым прасцей выбраць неабходныя 15% ад адабраных для праверак подпісаў, а калі здаецца менш – тым прасцей "адсеяць" патэнцыйнага кандыдата праз недахоп 100 тысяч подпісаў.

Гэтая норма была спячай на прэзідэнцкіх выбарах 2015 года, бо тады ніхто нават не спрабаваў здаць шмат подпісаў. На гэтай кампаніі ініцыятыўная група Віктара Бабарыкі здала ў камісіі рэкордныя для незалежных вылучэнцаў больш за 430 тысяч подпісаў, і гэтая норма цяпер зазіхацела на сонейку.

Трэба адзначыць, што гэтая норма дыскрымінацыйная ў дачыненні да выбаршчыкаў, якія падпісаліся за пэўных претэндэнтаў і выказалі сваю волю. А цяпер іх сустракаюць бетонныя камісіі, сябры якіх проста жангліруюць пры адборы подпісаў на праверку. Такая сістэма робіць выбаршчыкаў і прэтэндэнтаў у кандыдаты закладнікамі камісій.

Які наогул быў сэнс у гэтых 100 тысяч подпісаў? Гэта ўсяго толькі цэнз на адэкватнасць, каб кандыдатамі не станавіліся нікому не знаёмыя прайдзісветы і прайдзісветкі. У Беларусі жа праз такія нормы і працэдуры этап збору подпісаў цалкам дыскрэдытаваны.

Абурае ў гэтай сітуацыі больш за ўсё тое, як беларускія заканадаўчыя органы не ўносяць змены ў заканадаўства, на якіх настойваюць незалежныя назіральнікі і АБСЕ, спасылаючыся на адсутнасць такой працэдуры ў Канстытуцыі. А вось такія дыскрымінацыйныя нормы яны заўсёды гатовыя ўключыць у нашае заканадаўства", – тлумачыць сітуацыю Уладзімір Лабковіч.

*Каардынатар кампаніі Уладзімір Лабковіч просіць прабачэнне ў слухачоў і ўдзельнікаў стрыма “Радыё Свабода” ад 30 чэрвеня, калі ён кагосьці сваім адказам увёў у зман.

 “Праваабаронцы за свабодныя выбары”.

Крыніца: Уладзімір Лабковіч: Такая сістэма робіць выбаршчыкаў і прэтэндэнтаў у кандыдаты закладнікамі камісій