Яшчэ напачатку чэрвеня Старшыня РПГА “Беларускі Хельсінкскі камітэт” Алег Гулак накіраваў зварот у Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь, у якім прасіў праінфармаваць аб захадах дзяржавы па запрашэнні міжнародных назіральнікаў, у тым ліку місіі БДІПЧ АБСЕ, на час правядзення выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

У адказе за подпісам намесніка Міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Алега Краўчанкі паведамляецца, што пытанне аб накіраванні запрашэнняў у адрас міжнародных арганізацый да назірання за прызначанымі на 9 жніўня 2020 года выбарамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь знаходзіцца на разглядзе.

“10 чэрвеня 2020 г. старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына пацвердзіла, што беларускі бок гатовы запрасіць міжнародных назіральнікаў, уключаючы місіі БДІПЧ АБСЕ і СНД, па меры паляпшэння эпідэміялагічнай абстаноўкі, як мяркуецца, - пасля рэгістрацыі кандыдатаў у прэзідэнты”, - паведамляецца ў адказе.

Таксама МЗС адказаў праваабаронцам, што ведамства “ў рамках кампетэнцыі будзе гатова стварыць усе неабходныя ўмовы для працы міжнародных наглядальных місій у нашай краіне”.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”.

Крыніца: МЗС – праваабаронцам: Беларускі бок гатовы запрасіць міжнародных назіральнікаў