Суд Цэнтральнага раёна Мінска адправіў адміністрацыйную справу Міраслава Мацкевіча на дапрацоўку да ліквідацыі недахопаў у РАУС. На яго былі складзеныя два пратаколы па ч. 1 арт. 23.34 і арт. 23.4 КаАП за тое, што Міраслаў 6 траўня нібыта ўдзельнічаў у акцыі каля ГЦ MILE у Мінску, дзе збіралася калона на аўтапрабег у падтрымку затрыманага Сяргея Ціханоўскага, а таксама аказваў супраціў пры затрыманні. Суддзя Іван Касцян 15 траўня аштрафаваў яго на 40 базавых велічыняў, але Мінгарсуд адмяніў гэтае рашэнне і адправіў справу на новы разгляд. Міраслаў Мацкевіч. Фота прадастаўлена для spring96.org

Адміністрацыйную справу Міраслава разглядала суддзя Таццяна Акавітая. Міраслаў Мацкевіч падаў хадайніцтва, каб у якасці доказаў яго невінаватасці да справы дадучылі відэа з тэлефонаў і камер. Суддзя задаволіла гэтае хадайніцтва. Сведкі-амапаўцы на суд не з'явіліся. Міраслаў Мацкевіч на судзе хадайнічаў аб іх выкліку і абавязковым апытанні. Гэтае хадайніцтва суддзя Акавітая не задаволіла. У выніку яна прыняла рашэнне адправіць справу на дапрацоўку ў РАУС Цэнтральнага раёна Мінска.

"Суддзя ўвесь працэс перапісвалася з кімсьці ў вайберы, прагортваючы мае матэрыялы справы. Што яны там будуць лікідаваць у РАУС – не ўяўляю", – распавёў Міраслаў Мацкевіч пасля суда.

Чаму Мінгарсуд адмяніў першае рашэнне суда?

Мінгарсуд адмяніў штраф Міраславу Мацкевічу за акцыю каля ГЦ MILE

Мінскі гарадскі суд адмяніў пастанову Цэнтральнага раёна г. Мінска аб прыцягненні Міраслава Мацкевіча да адміністрацыйнай адказнасці па ч. 1 арт. 23.34 і арт. 23.4 КаАП і адправіў справу на новы разгляд. Суддзя Іван Касцян аштрафаваў яго на 40 базавых велічыняў (1080 рублёў) за тое, што Міраслаў Мацкевіч 6 траўня нібыта ўдзельнічаў у акцыі каля ГЦ MILE у Мінску, дзе збіралася калона на аўтапрабег у падтрымку затрыманага Сяргея Ціханоўскага, а таксама аказваў супраціў пры затрыманні. Аднак суд над Міраславам Мацкевічам быў праведзены без яго.

Крыніца: Справу Міраслава Мацкевіча суд адправіў на дапрацоўку