Зміцер Казлоў ("Шэры кот") Youtube-блогер з Барані Зміцер Казлоў, вядомы як "Шэры кот", таксама стаў фігурантам крымінальнай справы па арт. 342 КК РБ (Арганізацыя ці актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Пра гэта ён паведаміў праваабаронцу Паўлу Левінаву ў сваім лісце. 

Зміцер Казлоў быў затрыманы 10 чэрвеня разам з актывістамі "Еўрапейскай Беларусі" Арцёмам Чарняком і Міхаілам Бандарэнкам. На наступны дзень ён быў асуджаны на 20 сутак арышту і, адпаведна, мусіў выйсці на волю 30 чэрвеня. Але ён і далей застаецца за кратамі —  ў ІЧУ на вул. Акрэсціна ў Мінску. 

Такім чынам, ужо 17 чалавек знаходзяцца пад вартай у межах крымінальных спраў па арт. 342 КК РБ. Гэта блогеры Сяргей Ціханоўскі, Уладзімір Няронскі, Сяргей Пятрухін, Аляксандр Кабанаў, Уладзімір Цыгановіч, Зміцер Казлоў, Ігар Лосік, затрыманыя пасля інцыдэнту ў Гродне Зміцер Фурманаў, Вяргілій Ушак, Арцём Сакаў, Аляксандр Арановіч, Уладзімір Навумік, Васіль Баброўскі, Яўген Разнічэнка, Уладзімір Кніга, Андрэй Новікаў, палітык Мікалай Статкевіч. 13 з іх прызнаныя палітычнымі зняволенымі. 

Валянцін Стэфановіч: Крымінальны пераслед блогераў носіць палітычны характар

Праваабаронцы, кіруючыся заявай беларускай праваабарончай супольнасці ад 9 чэрвеня аб прызнанні палітзняволенымі фігурантаў "справы Ціханоўскага”, лічаць, што і Сяргей Пятрухін, і Уладзімір Няронскі таксама з’яўляюцца палітычнымі зняволенымі. Таму што 29 траўня ў Гродне адбываўся мірны сход у межах выбарчага працэсу і ніякіх дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, не было. Гэта вынікае са шматлікіх відэа, якія размешчаны ў інтэрнэце.

 Патрабуем неадкладнага вызвалення ўсіх абвінавачаных па артыкуле 342 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь

Заява праваабарончай супольнасці Беларусі па факце прад'яўленння абвінавачвання ў арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак Сяргею Ціханоўскаму і шасці ўдзельнікам пікету 29 траўня ў Гародні.

Крыніца: Блогер Зміцер Казлоў (Шэры кот) — новы фігурант справы па арт. 342 КК РБ