29 чэрвеня працягваюцца суды над удзельнікамі "ланцугоў салідарнасці" у Оршы і ў Навагрудку. У Гродна прызначаныя разгляды адміністрацыйных спраў палітвязняў Васіля Баброўскага і Уладзіміра Навуміка. 

Орша

На раніцу 29 чэрвеня ў судзе Аршанскага раёна і г. Оршы прызначаныя суды над удзельнікамі “Ланцуга салідарнасці” Аляксандрам Андрэевым, Генадзем Ларыёнавым і Паўлам Парфянковым.

Усе тры судовыя працэсы пачаліся ў адзін час і праходзілі вельмі хутка.

У выніку пасяджэнняў Аляксандра Андрэева асудзілі на 15 сутак арышту, Паўла Парфянкова – на 10 сутак, Генадзя Ларыёнава – на 15 сутак. Усіх траіх не затрымлівалі ў залі суда, відавочна, адбываць пакаранне яны будуць пазней.

Вядома, што яшчэ 26 чэрвеня Аляксандр Андрэеў, Павел Парфянкоў і Генадзь Ларыёнаў былі затрыманыя ў Оршы. Да суда яны знаходзіліся ў ІЧУ.

Навагрудак

На 14.30 29 чэрвеня прызначаны працяг судовага разгляду спраы Алены Пячко.

Нагадаем суд над Аленай Пячко пачаўся 25 чэрвеня, але суддзя Вольга Юрчык вырашыла працягнуць разгляд справы ў панядзелак, 29 чэрвеня. Алена Пячко была затрыманая разам з чатырма чалавекамі 21 чэрвеня за ўдзел у "Ланцугу салідарнасці", яе адвезлі ў мясцовы РАУС, дзе склалі пратакол па арт. 23.4 КаАП.

Таксама стала вядома, што 26 чэрвеня адбыўся разгляд справы Вiктара Мацкевiча. Судзіў Васіль Аляхновіч. Якое было рашэнне суда пакуль невядома, бо справа яшчэ не вярнулася ў канцэлярыю.

Гродна

На выяздным пасяджэнні ў Гарадзенскім абласным судзе раніцай 29 чэрвеня пачаўся разгляд адміністрацыйных спраў у дачыненні да Васіля Баброўскага і Уладзіміра Навуміка. Судзіць іх будуць паводле двух артыкулаў Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях – 17.1 “Дробнае хуліганства” і 23.4 “Непадпарадкаванне законым патрабаванням службовай асобы”.

Вядома, што справу Васіля Баброўскага разглядае суддзя Руслан Гурын, а справу Уладзіміра Навуміка – суддзя Ларыса Барэль.

Нагадаем, абодва мужчыны знаходзяцца ў СІЗА-1 у Мінску і абвінавачваюцца па крымінальнай справе разам з блогерам Сяргеем Ціханоўскім паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Праваабаронцы прызналі Васіля Баброўскага і Уладзіміра Навуміка палітзняволенымі і патрабавалі іх неадкладнага вызвалення з-пад варты.  

За інцыдэнт з Ціханоўскім у Гродне асудзілі трох чалавек

У судзе Ленінскага раёну г. Гродна 25 чэрвеня прайшлі суды над трыма чалавекамі. Усіх судзілі па артыкуле 17.1 КаАП за інцыдэнт, які здарыўся на перадвыбарчым пікеце 29 траўня ў Гродна, дзе быў затрыманы Сяргей Ціханоўскі.

Інфармацыя будзе дапаўняцца

Крыніца: Суды ў рэгіёнах: аршанцам даюць суткі, у Гродна судзяць палітвязняў