Больш за 70 тысяч подпісаў прынялі раённыя выбарчыя камісіі ў Мазыры, Светлагорску, Рэчыцы і Калінкавічах ад ініцыятыўных групаў. Назіральнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» распавядаюць пра вынікі прайшоўшых паседжанняў камісіяў, на якіх пачалася праверка подпісаў. Найбольш цікавыя сітуацыі з подпісамі адбываліся ў Светлагорску. Тут на пачатку пасяджэння не акрэдытавалі пры камісіі ў якасці назіральніцы мясцовую экаактывістку Ганну Сомаву, за вылучэнне якой падпісаліся мясцовыя жыхары. Камісіі не спадабалася, што назва горада, у якім жывуць гэтыя людзі, была ўнесеная ў падпісны ліст за вылучэнне яе назіральніцай друкаваным спосабам. Акрэдытаванай жа назіральніцы ад кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» пагражалі пазбаўленнем акрэдытацыі, калі яна будзе абараняць іншых назіральнікаў.

praverka_podpisau_palesse.jpg
Светлагорская раённая выбарчая камісія нешта там робіць. Як было бачна назіральнікам.

Падчас самога пасяджэння былі агучаныя лічбы здадзеных у камісію подпісаў. Камісія тут вырашыла адабраць роўна 20% здадзеных і падлягаючых уліку подпісаў за кожнага прэтэндэнта. Так, за цяперашняга прэзідэнта Аляксандра Лукашэнку камісія прыняла 20 605 подпісаў. Падчас нумарацыі і адбору подпісаў за гэтага прэтэндэнта для праверкі назіральніца Алена Маслюкова стала сведкай, калі ў падпісных аркушах адсутнічала нумарацыя пастаўленых подпісаў і чальцы камісіі нумаравалі іх самі. Таксама здзіўленне выклікала тое, што ў некаторых аркушах агучваліся такія нумары подпісаў, як 18, 32 і г.д. Гэтыя хібы таксама проста падчас пасяджэння выпраўлялі чальцы раённай выбарчай камісіі. І тым не менш, 58 подпісаў камісія ўсё ж палічыла не падлягаючымі ўліку і праверцы.

Такой дбайнасці не было чутно і бачна, калі адбіраліся подпісы за альтэрнатыўных кандыдатаў. Другім па колькасці здадзеных подпісаў стаў палітзняволены, былы старшыня праўлення «Белгазпрамбанку» Віктар Бабарыка. За яго камісія прыняла 1838 подпісаў. З іх 24 у выніку прызналі не падлягаючымі ўліку. За Валерыя Цапкалу здалі 1577 подпісаў, 8 з якіх нечым не адпавядалі патрабаванням. 1517 подпісаў ад светлагорцаў сабралі за жонку яшчэ аднаго палітзняволенага, блогера Сяргея Ціханоўскага – Святлану Ціханоўскую. Тут непадлеглымі ўліку прызналі 83 подпісы. За экс-дэпутатку Палаты прадстаўнікоў Ганну Канапацкую здалі 721 подпіс, з іх 1 быў неналежны. Ініцыятыўная група сустаршыні аб’яднання «Гавары праўду» Андрэя Дзмітрыева здала ў Светлагорскую камісію 120 подпісаў, і аніводны подпіс не быў прызнаны непадлягаючым уліку. Таксама ўсе здадзеныя подпісы ўлічылі за старшыню сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» Сяргея Чэрачня. Праўда, за яго падпісаліся толькі 26 светлагорцаў.

Алена Маслюкова адзначае, што за ўвесь перыяд збору подпісаў не бачыла ў горадзе пікетаў за Ганну Канапацкую, таму здзіўленая досыць вялікай колькасцю здадзеных яе ініцыятыўнай групай подпісаў.

praverka_podpisau_palesse2.jpg
Калінкавіцкая раённая выбарчая камісія адбірае подпісы на праверку.

У Калінкавічах, як паведамляе назіральнік Андрэй Мядзведзеў, за Аляксандра Лукашэнку здалі 11 923 подпісы. Пры гэтым, старанныя пошукі пікетаў за гэтага кандыдата на працягу перыяду збору подпісаў не прынеслі плёну – іх нідзе не было. Затое, быў зафіксаваны выпадак, калі ў райвыканкам прынеслі стос запоўненых падпісных аркушаў і той, хто прынёс, казаў, што подпісы сабралі ў раённай лякарні. Зрэшты, з амаль 12 тысяч попісаў 27 подпісаў камісія, усё ж, прызнала не падлягяючымі ўліку.

За Віктара Бабарыку Калінкавіцкая раённая камісія прыняла 1669 подпісаў, 40 з якіх аказаліся не падлеглымі ўліку.  1106 подпісаў аддалі калінкаўцы за Святлану Ціханоўскую. 6 з іх камісія не ўлічыла. За Сяргея Чэрачня ў гэтым раёне падпісаліся 224 чалавека, пры гэтым 8 подпісаў не ўлічаныя. 131 подпіс прадставілі за Андрэя Дзмітрыева. Але амаль палова з іх – 62 подпісы, камісія не палічыла магчымым улічыць.

«Звезлі да нас амаль усю Гомельскую вобласць», – пракаментавала старшыня камісіі Алена Дзяргач.

І 125 подпісаў сабрала ад каленкаўцаў ініцыятыўная група Валерыя Цэпкалы. 2 з іх не ўлічаныя. Правяраць тут адабралі 21% подпісаў. Цяпер назіральнік чакае магчымасці прысутнічаць падчас іх праверкі.

У Рэчыцы асаблівасцю стала тое, што тут усім назіральнікам дазволілі прагледзець тэчкі з падпіснымі аркушамі. Вынікам жа камісійных падлікаў, як адзначае назіральнік Валер Пуціцкі, стала наступнае. За Аляксандра Лукашэнку – 26 949 подпісаў (211 не ўлічылі). За Віктара Бабарыку – 1690 подпісаў (59 не ўлічылі). За Святлану Ціханоўскую – 1224 подпісы (21 не ўлічылі). За Ганну Канапацкую – 1061 подпіс (43 не ўлічылі), за Андрэя Дзмітрыева – 797 подпісаў (24 не ўлічылі). За Сяргея Чэрачня 597 подпісаў (22 не ўлічылі). За Валерыя Цэпкалу – 243 подпісы (8 не ўлічылі). Тут для праверкі адабралі найбольшы адсотак подпісаў – 23%. У назіральніка выклікала недавер тое, што ў падпісных лістах за Ганну Канапацкую вялікая частка запоўненая адным і тым жа почыркам, адным і тым жа колерам пасты і стыль подпісаў дужа падобны.

praverka_podpisau_palesse3.jpg
Мазырская раённая камісія адбірае на праверку подпісы за Святлану Ціханоўскую.

Назіральнік Уладзімір Целяпун з Мазыра распавёў, што ў колішняй сталіцы Палесся за Аляксандра Лукашэнку здалі 27 719 подпісаў. Праўда, 282 з іх палічылі не падлеглымі ўліку. Тут здзівіла колькасць подпісаў, пададзеных за Сяргея Чэрачня і Андрэя Дзмітрыева. Ініцыятыўная група першага здала 4 512 подпісаў (4 з іх не ўлічылі), а другога 4 027 (26 не ўлічаныя).  За Віктара Бабарыку камісія прыняла 2 842 подпісы, 35 з якіх не ўлічыла. За Святлану Ціханоўскую падалі 2 235 подпісаў, 6 з якіх палічылі не падлеглымі ўліку. 610 подпісаў здала ініцыятыўная група Валерыя Цэпкалы, з іх не ўлічылі 1 подпіс. І 29 подпісаў камісія прыняла за Ганну Канапацкую.

«Лічбы подпісаў пададзеныя за Дзмітрыева і Чэрачня выклікаюць здзіўленне – актыўнасць іх ініцыятыўных групаў была не вельмі заўважнай. Нават тэлеканал «Мазыр», які жадаў быў зрабіць рэпартаж па выніках візіту Андрэя Дзмітрыева ў Мазыр, так і не выпусціў рэпартаж. Вельмі мала жадаючых было ставіць за яго подпіс, падчас пікету, на якім быў і сам Дзмітрыеў, і дзяржаўныя журналісты», – адзначыў назіральнік.

Таксама Уладзімір Целяпун адзначыў, што мазырская камісія адабрала адразу і 21% подпісаў, і 15 адсоткаў дапаўняльна. Звычайна паводле заканадаўства 15% адбіраюцца тады, калі адабраныя 20% выклікаюць нейкія сумневы і пытанні. 

Цяпер да канца тыдня раённыя выбарчыя камісіі будуць спраўджваць сапраўднасць подпісаў. Засталося спадзявацца, што гэтая працэдура будзе максімальна адкрытай і галоснай, як гэта прадугледжвае Выбарчы кодэкс. 

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Крыніца: Выбарчыя камісіі ў палескіх раёнах пачалі праверку здадзеных подпісаў. Уражанні назіральнікаў