Віталь Казак на адным з судовыз паседжанняў. У судзе Маскоўскага раёна Берасця 5 чэрвеня ўрэшце была разгледжаная адміністрацыйная справа грамадскага актывіста Віталя Казака.

Пратакол правапарушэння быў складзены па падзеях 8 траўня, калі актывіста затрымалі прэвентыўна і змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання.

Тады Віталь Казак адседзеў 6 сутак, на працягу якіх суд Ленінскага раёна адмераў яму разам 110 базавых за удзел у ранейшых несанкцыянаваных мерапрыемствах супраць акумулятарнага завода (12 красавіка, 2 і 3 траўня).

“Берасцейская вясна” паведамляе, што пад час суда з матэрыялаў справы было бачна, што на затрыманне грамадзкага актывіста ўказанне паступіла ад кіраўніцтва. Там жа быў даклад групы АМАПу аб затрыманні Віталя Казака.

У судзе, 5 чэрвеня, Віталь Казак не пагадзіўся з абвінавачваннем ў «непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі» (арт. 23.4 КаАП) і папрасіў суд заслухаць сведкаў затрымання:

«Прозвішчаў сведак ня ведаю, прашу іх ідэнтыфікаваць. У міліцыі быў рэгістратар. Хай знойдуць і забяспечаць іх яўку».

Суддзя Раман Карабан хадайніцтва адхіліў і пастанавіў прыцягнуць Казака да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу ў памеры 20 базавых велічынь.

Крыніца: Берасце: Віталя Казака асудзілі за непадпарадкаванне