Аўтазакі на вуліцы Камсамольскай. Фота "Еўрарадыё". Супольны пікет альтэрнатыўных кандыдатаў па зборы подпісаў анансаваўся на 18 гадзін 5 чэрвеня каля сталічнага ГУМа. Задоўга да пачатку дазволенага мерапрыемства, як паведамляла Еўрарадыё, у гэтым раёне заўважаецца прыкметнае ажыўленне сілавікоў. Так, насупраць клуба імя Дзяржынскага па вуліцы Камсамольскай прыпаркаваліся тры аўтазакі. Яшчэ адзін — у двары суседняга з ГУМам дома — там, дзе "Лакомка". Уарцы гэтага ж дома дзяжураць людзі з рацыямі, апранутыя ў цывільную вопратку. Міліцыянты дзяжураць не толькі каля ГУМа, але ва ўсім навакольным раёне: міліцэйская машына з'явілася нават каля Купалаўскага тэатра.

Між тым, сёння ў другой палове дня ў сацыяльных сетках з’явілася паведамленне наступнага зместу:

"Каманда "Краіны для жыцця" і ініцыятыўная група па зборы подпісаў у падтрымку Святланы Ціханоўскай афіцыйна заяўляюць, што не маюць дачынення да арганізацыі і правядзення пікету ля ГУМа 5 чэрвеня 2020 года ў г. Мінску і не нясуць адказнасць за інфармацыю аб гэтым пікеце з іншых крыніц. Сябры, мы прапануем быць асцярожнымі, праяўляць пільнасць, заўсёды правяраць крыніцы любой інфармацыі і не паддавацца на магчымыя правакацыі".

Вядома, што днём каля ГУМа подпісы збіралі прадстаўнікі ініцыятыўнай групы Валерыя Цапкалы.

Тым часам, У Менску на праспекце Незалежнасці  (каля Дана - Молл) з'явіўся першы пікет за Аляксандра Лукашэнку. 

Крыніца: Супольны пікет каля сталічнага ГУМа: як развіваюцца падзеі?