На чарговым паседжанні Цэнтральнай выбарчай камісіі, якое прайшло 4 чэрвеня, быў разгледжаны шэраг пытанняў, што тычацца правядзення выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Адна з найбольш рэзанансных тэмаў – разгляд звароту прэтэндэнту ў кандыдаты Віктара Бабарыка, у якім ён указаў факты парушэння заканадаўства падчас выбарчай кампаніі і прасіў пазбавіць рэгістрацыі ініцыятыўную групу Аляксандра Лукашэнкі. Камісія заявіла, што праверыла названыя факты — і яны не падцвердзіліся.

Валянцін Стэфановіч. Фота: svaboda.org
Валянцін Стэфановіч. Фота: svaboda.org

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч пракаментаваў рашэнне ЦВК па заяве Віктара Бабарыкі адносна выкарыстання адміністрацыйнага рэсурсу пры зборы подпісаў па вылучэнні ў якасці кандыдата ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі.

“Падчас гэтай кампаніі сапраўды да нас паступае даволі шмат паведамляенняў ад грамадзянаў з розных куткоў краіны, у тым ліку пісьмовыя падцверджанні і відэаматэрыялы, аб тым, што адміністрацыя прадпрыемстваў і ўстановаў альбо прымушае іх, альбо просіць падпісацца за вылучэнне дзейснага прэзідэнта.

І тут трэба сказаць, што частка 10 артыкула 61 Выбарчага кодэкса наўпрост забараняе ўдзел адміністрацыі арганізацый, а роўна і прымус да подпісу за вылучэнне ў якасці кандыдата ў прэзідэнты. Артымліваецца, што ўдзел адміністрацыі не абавязковы павінны быць спалучаны з прымусам – і тое, і другое забаронена”, – адзначае праваабаронца.

Па меркаванню Валянціна Стэфановіча, тое, што адміністрацыя арганізацый прымае ўдзел у зборы подпісаў на працоўных месцах, не важна ў працоўны час ці не, але на тэрыторыі прадпрыемстваў – гэта і ёсць праявы адміністратыўнага рэсурсу:

“І недарма мы ў сваіх справаздачах адзначаем, што нажаль падчас правядзення выбараў, і не толькі гэтых, адпаведнымі рашэннямі выканаўчых органаў улады пры вызначэнні месцаў, якія забароненыя для збору подпісаў ініцыятыўнымі групамі, не абмяжоўваецца збор подпісаў на тэрыторыі прадпрыемстваў, установаў, у тым ліку адукацыі і аховы здароўя.

Мы лічым, што там павінна быць у прынцыпе забаронена збіраць подпісы, таму што гэта заўсёды дае магчымасць для выкарыстання адміністрацыйнага рэсурсу з боку адміністрацыі такіх устаноў. Бо мы ўсе павінны разумець, што нават калі начальнік непасрэдны, так скажам, ласкава папросіць падпісацца за Аляксандра Лукашэнку ў сваім кабінеце, напрыклад дырэктар школы – настаўніц, натуральна, што ўсе пагодзіцца і ніхто не адмовіцца. І тут не трэба ніякага прымусу ажыцяўляць.

Менавіта таму заканадаўца і замацаваў норму аб тым, што ўдзел адміністрацыі арганізацый забараняецца пры зборы подпісаў. Я лічу, што ЦВК вельмі павярхоўна падыйшла да гэтага пытання і вузка трактуе частку 10 артыкула 61 Кодэкса – як толькі прымусы”.

Валянцін Стэфановіч кажа, што ЦВК не бачыць ніякіх парушэнняў, калі непасрэднага прымусу не было: дырэктар у непрацоўны час папрасіў супрацоўнікаў школы падіпісацца ці дэкант факультэта прасіў студэнтаў паставіць подпіс, але гэта ёсць парушэнне ч. 10 арт. 61 ВК, якое можа цягнуць адмову ў рэгістрацыі ў якасці кандыдата.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары" 

Крыніца: Валянцін Стэфановіч: ЦВК павярхоўна падыйшла да пытання выкарыстання адміністрацыйнага рэсурса пры зборы подпісаў