Павел Левінаў. Фота DW Праваабаронца Павел Левінаў звярнуўся да сябраў Віцебскай абласной камісіі па выбарах прэзідэнта з просьбай запрасіць на пасяджэнне камісіі начальніка УУС аблвыканкаму Міхаіла Грыба, каб той патлумачыў, на якіх падставах 31 траўня міліцыянты спрабавалі перашкодзіць выбарцам ставіць подпісы ў падтрымку прэтэндэнтаў у кандыдаты на прэзідэнцтва.

Інцыдэнт, пра які піша Павел Левінаў у звароце да сябраў абласной камісіі, адбыўся ў нядзелю на пляцоўцы перад пірамідай «Марка-сіці» ў Віцебску, дзе ініцыятыўныя групы 4-х прэтэндэнтаў у кандыдаты збіралі подпісы выбарцаў. Да палаткі, дзе праходзіў збор подпісаў за Святлану Ціханоўскую, грамадзяне ўтварылі даўгую чаргу.

«Да падпісных сталоў выцягнулася чарга не на адну сотню метраў. Стоячы ў чарзе, выбарцы размаўлялі пра сродкі барацьбы з прусакамі. З'яўленьне супрацоўніка міліцыі людзі ўспрынялі як акт салідарнасьці з народам, але памыліліся. Міліцыянт расцаніў чаргу выбарцаў як несанкцыянаванае пікетаванне і запатрабаваў разысціся», – апісвае інцыдэнт Левінаў.

У звароце ён таксама адзначае, што не заўважыў на пляцоўцы перад ГЦ «Марка-сіці» аніводнага сябра абласной камісіі па выбарах, адказнага за выкананне выбарчых правоў грамадзянащ на тэрыторыі Віцебску.

На падставе адзначанага і кіруючыся Выбарчым кодэксам РБ і пастановамі ЦВК, праваабаронца просіць заслухаць на пасяджэнні камісіі начальніка ўпраўлення ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкаму Міхаіла Грыба па факце спробы яго падначаленых перашкодзіць выбарцам ставіць подпісы ў падтрымку вылучэння кандыдатаў на пасаду прэзідэнта.

Адказ на зварот пакуль не атрыманы.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары" 

Крыніца: Левінаў прапанаваў запрасіць на паседжанне выбарчай камісіі кіраўніка абласной міліцыі