Аляксандр Сіраш. Скрыншот з відэа Сяргея Ціханоўскага. У вёсцы Прудок Мазырскага раёна сярод ночы супрацоўнікі праваахоўных органаў уварваліся ў гаспадарку фермера, дзе Сяргей Ціханоўскі запісваў жартоўнае «Інтэрв’ю прыкарытнікаў».

Як паведаміў раніцай праваабаронцам ПЦ «Вясна» фермер Аляксандр Сіраш, да яго ў дом уначы ўварваліся шмат супрацоўнікаў праваахоўных органаў і пачалі рабіць ператрус. Усё пераварочваюць дагары нагамі.

"Палеская вясна" паведамляе таксама пра запужванне жанчын. У дзіцяці гвалтам адабралі тэлефон.

Таксама з Мазыра паведамляюць пра затрыманне Аляксандра Цуканава, аўтара YouTube-канала «Мозырь для жизни», які толькі 2 чэрвеня вызваліўся пасля адбыцця 25 сутак арышту за ўдзел у сустрэчы з Сяргеем Ціханоўскім у Мазыры 3 траўня. Таксама затрыманы Дзяніс (прозвішча высвятляецца), сябар Цуканава, які прыходзіў падтрымаць Аляксандра на судзе і сустракаў яго падчас вызвалення ў ІЧУ.  

Крыніца: Пад Мазыром –  ператрус у фермера, якога здымаў Ціханоўскі. Затрыманы аўтар каналу «Мозырь для жизни»