Праваабаронца "Магілёўскай вясны" Барыс Бухель паведаміў, што на сяброўку ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў за вылучэнне ў кандыдаты ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай Кацярынай Таланковай палюе міліцыя.

Раней міліцыя ўжо цікавілася Таланковай і яе мужам з-за "кейса Ціханоўскага", калі магілёўцы змаглі 5 траўня адбіць у супрацоўнікаў МУС каманду блогера Сяргея Ціханоўскага на Віцебскім праспекце. У дачыненні да Кацярыны, як і дзясяткаў іншых чалавек, была рапачата адміністрацыйная справа за нібыта "удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве", аднак справу спынілі.

Цяпер міліцыя зноў хоча затрымаць жанчыну:

"Таланкова ўваходзіць у ініцыятыўную групу Святланы Ціханоўскай і ў ліку іншых збірала подпісы за вылучэнне апошняй. 31 траўня да яе падыходзілі члены выбаркама з рознымі пытаннямі і правяралі пасведчанне, але ім дружна і доказна патлумачылі, што подпісы збіраюць у рамках выбарчай кампаніі, і яны сышлі.

Раніцай 31 траўня суседзі паведамілі Кацярыне, што ёй цікавяцца супрацоўнікі міліцыі, круцяцца ў пад’ездзе і каля дома. Яна здолела выйсці на пікет, а перад выхадам з кватэры патэлефанавала мне і папярэдзіла, што яе могуць затрымаць. Пасля заканчэння пікету суседзі паведамілі ёй, што ёю канкрэтна цікавіліся супрацоўнікі МУС, апытвалі суседзяў, дзе яна можа быць і калі вяртаецца", – распавёў Барыс Бухель.

Улічваючы, што пікеты па зборы подпісаў – гэта цалкам законнае мерапрыемства, праваабаронцы "Магілёўскай вясны" прама называюць дзеянні міліцыі палітычным ціскам на апанентаў дзеючага прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі.

Сітуацыя ўскладняецца тым, што Кацярына Таланкова – маці непаўнагадовых дзяцей і да гэтага часу знаходзіцца ў адпачынку па даглядзе за дзіцём. Яе пераслед МУС, мабыць, нават выходзіць за межы таго бясчынства, якое зладзілі праваахоўнікі ў Беларусі ў адносінах да сяброў ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай і яе паплечнікаў.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары" 

Крыніца: Магілёўская міліцыя палюе за сяброўкай ініцыятыўнай групы Ціханоўскай