Уладзімір Лабковіч, Каардынатар кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" ад ПЦ "Вясна" Хваля затрыманняў простых грамадзян, якія прыйшлі да зборшчыкаў подпісаў, каб паставіць подпіс за вылучэнне у кандыдаты свайго прэтэндэнта, пракацілася 31 траўня па многіх гарадах Беларусі. Па звестках Праваабарочнга цэнтра “Вясна”, усяго ў гэты дзень было затрымана больш за 30 удзельнікаў, якія скарысталіся намерам рэалізаваць свае канстытуцыйныя правы. Над некаторымі з іх прайшлі суды, людзі атрымалі вялікія тэрміны арышту і штрафы.

Каардынатар кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Уладзімір Лабковіч ахарактарызаваў гэтыя дзеянні сілавых структураў недапушчальнымі, назваў іх прамым умяшаннем ў выбарчы працэс і стварэннем перашкодаў у працы зборшчыкаў подпісаў.

“Дзеянні міліцыі, якія 31 траўня спрабавалі паўплываць на звычайных грамадзян, патрабуючы каб усе разыйшліся – гэта, безумоўна, форма ціску, выкарыстаная каб збіць грамадскую актыўнасць і не дапусціць актыўнага і масавага збору подпісаў.

Бачна непрыхаванае жаданне ўладаў зрабіць так, каб гэтыя выбары прайшлі максімальна незаўважнымі і максімальна нешматлікімі, аднак гэта ў іх не атрымалася. Палітычны настрой грамадства мае вельмі высокі накал, людзі сёння гатовыя і нават прагнуць удзельнічаць у палітычных працэсах.

Менавіта таму улады прыбягаюць, на жаль, да сваёй звычайнай на гэты час схемы – запужвання і пагроз, а ў некаторых выпадках і да прамога прымянення рэпрэсій да ўдзельнікаў выбарчых працэсаў. Вельмі прыкра што гэта адбываецца менавіта падчас выбарчых мерапрыемстваў”.

Уладзімір Лабковіч зазначае, што такія рэпрэсіўныя меры сведчаць толькі аб адным: выбары нават на  этапе збору подпісаў за вылучэнне ў кандыдаты, адбываюцца са шматлікімі грубымі парушэннямі выбарчага заканадаўства з боку ўлады і грэблівым стаўленнем да міжнародных стандартаў.

Затрыманні актывістаў і зборшчыкаў подпісаў працягваюцца 31 траўня. Спіс абнаўляецца

Праваабаронцам "Вясны" з раніцы 31 траўня паведамляюць пра затрыманні актывістаў з усёй Беларусі. Нагадаем, на сёння былі аб'яўлены ў розных гарадах Беларусі ў 12:00 пікеты па збору подпісаў у падтрымку Святланы Ціханоўскай.

 “Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Крыніца: Уладзімір Лабковіч пра затрыманні грамадзян у нядзелю: Улады прыбягаюць да звычайнай схемы – запужвання і пагроз