Андрэй Дзмітрыеў на пікеце ў Бабруйску. Фота з сайта babruysk.by На пікеце па збору подпісаў за вылучэнне ў кандыдаты ў Бабруйску 28 траўня прысутнічаў і адказваў на пытанні выбаршчыкаў лідэр “Гавары праўду” Андрэй Дзмітрыеў. Людзей было не вельмі шмат. 

Андрэй Дзмітрыеў на пікеце ў Бабруйску. Фота з сайта babruysk.by
Андрэй Дзмітрыеў на пікеце ў Бабруйску. Фота з сайта babruysk.by

Адзін з прысутных запытаўся, што Дзмітрыеў думае пра службу ў войску. Палітык сказаў, што скасоўваць армію ён не збіраецца: служба ў войску застанецца тэрміновай.  

“Да кантрактнай арміі нам яшчэ вельмі далёка. Але справа не ў тым, якая служба - тэрміновая ці кантрактная, а ў тым ЯКАЯ тэрміновая”, - падкрэсліў Андрэй Дзмітрыеў.

Ён распавёў, што прама зараз яго сын служыць у войску. І прадставіў змены, якія збіраецца ўвесці, калі будзе абраны прэзідэнтам краіны:

“Я лічу, што службу трэба скараціць да аднаго году; калі ёсць вайсковая частка каля дома – чалавек пераважна павінен накіроўвацца туды; звальненні на выходныя, калі няма ніякіх баявых задачаў, павінна быць не прывелегіяй, а правам салдата”.

Андрэй Дзмітрыеў дадаў, што задача службы ў войску – падрыхтаваць абароназдольнасць краіны:

“Я думаю, гэта нармальна – каб мужчыны служылі ў арміі. Але зрабіць гэта трэба з мінімальнымі праблемамі для чалавека: месца працы павінна захоўвацца за чалавекам, службу трэба ўключаць у пенсійны стаж, трэба дапамагаць маладым людзям пасля арміі ўбудоўвацца ў жыццё”.

Таксама, Андрэй Дзмітрыеў паабяцаў, што калі ён стане прэзідэнтам, то будзе гаварыць па-беларуску, паведамляе “Бабруйскі кур’ер”.

“Абяцаю, калі мяне выберуць прэзідэнтам, то буду гаварыць па-беларуску. Я не прымушаю нікога іншага. Калі ласка, размаўляйце на той мове, на якой вам зручней. Але я буду паказваць прыклад. Бо гэта выдатная беларуская мова, прыгожая беларуская мова. І трэба ствараць умовы, у якіх вам будзе камфортна і прыемна на ёй размаўляць. Але ніякага прымусу не будзе. Мы пакінем рускую мову як дзяржаўную”.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары" 

Крыніца: Дзмітрыеў на пікеце: "Да кантрактнай арміі нам яшчэ вельмі далёка"