Яўген Радзівілка. Фота з telegram На жыхара Маладзечна склалі пратакол па арт. 17.11 КаАП за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Яўгена Радзівілку вінавацяць у тым, што назва яго персанальнай старонкі ў Instagram утрымлівае абрэвіятуру з чатырох літар, якая паўтары гады таму была ўнесена ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

У пратаколе, складзеным трэцяга траўня Маладзечанскім РАУС, напісана, што Яўген Радзівілка “у перыяд часу з 3 верасня 2019 года па цяперашні час стварыў персанальную старонку з назвай https://www.instagram.com/kr_a***_a_arab/, а таксама размясціў сацыяльны статус з назвай “кр_a***_a_aрaб”, дзе маецца кампацізыя ў выглядзе абрэвіятуры А***”.

Па словах праваабаронцы “Вясны” з Маладзечна Аляксандра Капуцкага, Яўгена стала адсочваць міліцыя, калі той у сваіх публікацыях пачаў адзначаць блогера Nexta.

Суд над Яўгенам Радзівілкам пачаўся 28 траўня ў Маладзечанскім раённым судзе. Справу разглядае суддзя Іна Каханоўская. Працяг суда прызначаны на 14.30 29 траўня. Верагодна тады і будзе прынята рашэнне па справе. 

Крыніца: Жыхара Маладзечна судзяць за назву персальнай старонкі ў Instagram