На чацвёрты дзень збору подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты стала вядома, што ініцыятыўная група Аляксандра Лукашэнкі сабрала ўжо 200 тысяч подпісаў пры 100 тысячах неабходных. Пры гэтым ніводнага пікета па збору подпісаў за вылучэнне Аляксандра Лукашэнкі па краіне заўважана не было. Затое ў тэлеграм-каналах з'явіліся дзесяткі паведамлянняў ад беларусаў пра тое, як іх прымушаюць ставіць подпіс за вылучэнне дзеючага прэзідэнта кандыдатам. Пра факты выкарыстання адміністрацыйнага рэсурсу пры зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатам Аляксандра Лукашэнкі паведамляюць і кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары». Больш за ўсё паведамленняў пра факты прымуса і ціску прыходзіць са сталічных установаў адукацыі розных узроўняў.

lukashenka_7899.jpg
Аляксандр Лукашэнка

Паведамляецца пра розныя формы ціску: ад праблемаў на вучобе да непрацягнення кантрактаў на працы. Геаграфія фактаў прымусу расцягнулася на ўсю Беларусь. «Праваабаронцы за свабодныя выбары» зрабілі падборку фактаў прымуса па абласцях.

Мінск і Мінская вобласць

Як паведамляецца на тэлеграм-канале “Беларусь головного мозга” у сярэдняй школе № 51 горада Мінска просяць настаўнікаў даць пашпартныя дадзеныя бацькоў дзяцей і ні ў якім разе ім пра гэта не паведамляць. Дадзеныя браць з дагавароў з імі. Таксама дырэктарка гэтай школы на нарадзе абвясціла, што ў школе ёсць ініцыятыўная група, якая займаецца зборам галасоў за Лукашэнку.

У школе №15 Мінска загадалі ўсім настаўнікам прынесці па 100 подпісаў за Аляксандра Лукашэнку.

“Можна проста пашпартныя дадзеныя, самі распішуцца. Калі не будзе нормы — дысцыплінарнае спагнанне, мінус прэмія, аж да звальнення”, — паведамляецца на тэлеграм-канале “Беларусь головного мозга”.

Паведамляюць пра парушэнні пры зборы подпісаў за дзеючага прэзідэнта і ў ДУА дапаможная школа-інтэрнат №7 Мінска. Там абвясцілі тэрміновую нараду з пашпартамі, дзе "прапаноўвалі" падпісацца за вылучэнне кандыдата ў прэзідэнты Лукашэнкі.

“Намеснік дырэктара па кадрах і сацыяльнай рабоце дзяржаўнага прадпрыемства Мінсктранс (філіял тралейбусны парк №4) вельмі моцна ўпрошваў работнікаў, асабліва кіраўнікоў і спецыялістаў, падпісацца за Лукашэнку. Агітацыя праводзіцца ў працоўны час”, — паведамілі тэлеграм-каналу “Беларусь головного мозга”.

«Радыё Свабодзе» прыслалі паведамленне і з Мінскага авіярамонтнага заводу № 407:

«На Мінскім заводзе цывільнай авіяцыі ўсіх супрацоўнікаў просяць зайсці ў аддзел кадраў і паставіць дату і подпіс. Усе дадзеныя людзей ужо запоўненыя, дастаткова паставіць подпіс (за Лукашэнку, натуральна). Непрацягам кантракту не палохаюць, таму многія адмаўляюцца».

«Радыё Свабода» звязалася з начальнікам аддзелу кадраў авіярамонтнага заводу Юрыем Іванавічам, але ён абвяргае гэтую інфармацыю.

«Я не сябра ініцыятыўнай групы. Не ведаю, ці ёсць з супрацоўнікаў аддзелу кадраў хтосці ў ініцыятыўнай групе. Подпісы на заводзе збіраюць, але толькі па жаданні», — адказаў начальнік аддзелу кадраў авіярамонтнага заводу № 407.

Пра факт прымусу вядома паведамляюць і з "Заслаўскай сярэдняй школы №1.

“Дырэктарка сабрала настаўнікаў і прымусова сабрала подпісы за Лукашэнку. Сказала, што можаце галасаваць за каго заўгодна, але подпісы давайце сюды. Тым, хто адмовіліўся намякнулі на нядоўгую працу ў далейшым. Маўляў, ужо ёсць на ваша месца замена", — паведамляецца на тэлеграм-канале “Беларусь головного мозга”.

Гродненская вобласць

“Праваабаронцам за свабодныя выбары” паведамілі, што ў горадзе Іўе дырэктар электрасетак Мільгуй прымушаў рабочых пакідаць свой подпіс за Лукашэнку. Такая сітуацыя паведамляецца яшчэ з некаторых арганізацыях горада.

Таксама праваабаронцам паведамілі і пра добраахвотна-прымусовы збор подпісаў за Лукашэнку і з Зельвенскай цэнтральнай раённай бальніцы. 

У тэлеграм-канале «Беларусь головного мозга» паведамляецца, што ў горадзе Бярозаўка Лідскага раёна на заводзе «Нёман» «да начальнікаў цэха і майстроў змены даведзеная разнарадка — 200 подпісаў з цэха. У выпадку невыканання агучана пагроза — непадаўжэнне працоўнага кантракту.

Валянціна Нагабез, намесніца дырэктара па ідэалагічнай працы, сацыяльных пытаннях і кадрах шклозаводу «Нёман», пацвердзіла "Радыё Свабода", што збор подпісаў на заводзе ідзе, але колькі падпісалася — яна, сказала, не лічыць.

«Гэтую працу каардынуе выканкам. Я не ведаю, адкуль у вас такая інфармацыя. Чаму збіраюць подпісы на заводзе? Не толькі. Людзі ходзяць па кватэрах, сустракаюцца на вуліцы, звяртаюцца да сваіх знаёмых. Хтосьці падпісваецца, хтосьці не падпісваецца.

На самой справе ніхто ніякіх разнарадак не даваў. Даведзеных лічбаў няма і ніколі не было — гэта я кажу вам як чалавек са стажам: на заводзе працую амаль 40 гадоў», — сказала Свабодзе намесніца дырэктара па ідэалёгіі шклозаводу «Нёман» Валянціна Нагабез.

Таксама прымусова збіраюць подпісы за Аляксандра Лукашэнку ў інтэрнаце Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта, піша belamova. Аргументуюць загадам ад выхаваўчага аддзела:

«Па словах выхавальніка, калі збяруць недастаткова подпісаў у інтэрнаце, студэнты 5 курса (менавіта гэтага курсу, бо ў іх сесія заканчваецца ў траўні) будуць хадзіць па дамах і самі збіраць подпісы».

Віцебская вобласць 

Як паведамляе тэлеграм-канал «Беларусь головного мозга», у Полацкім дзяржаўным лясным каледжы (філіял БДТУ) таксама збіраюць подпісы ў загадным парадку за Лукашэнку, пагражаюць адпраўленнем да дырэктара і праблемамі.

Паведамляецца таксама, што ў школах Полацка намеснік старшыні райвыканкама Пяткевіч загадаў сабраць з кожнай школы пэўную колькасць подпісаў за Лукашэнку. Многія настаўнікі адмаўляюцца, але іх угаворваюць «гэта ж толькі подпіс для вылучэння, а галасуйце за каго хаціце».

Члены ініцыятыўных груп Лукашэнкі ў Полацку ходзяць па кватэрах у аднаразовых масках, але без пальчатак. На адмову падпісацца адказваюць «мы ўсё разумеем».

Выкладчыца з Віцебска таксама распавяла пра «план на подпісы»:

«Сказала быў сход, давялі план. 250 подпісаў з дзіцячага садка, 750 подпісаў са школы. Гэта абавязкова давялі да ведама педагогаў».

Як паведамляе belamova, у школе №1 горада Лёзна Віцебскай вобласці настаўнікаў запрашалі ў кабінет дырэктара, дзе яны ставілі подпісы за Лукашэнку.

Магілёўская вобласць

У Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя Куляшова адзін з дэканаў сказаў усім выкладчыкам прыйсці з пашпартамі, пакінуць свае подпісы за вылучэнне дзеючага прэзідэнта. Гэта піша тэлеграм-канал belamova.

Супрацоўнікаў магілёўскага прадпрыемства прымушалі падпісацца за вылучэнне Лукашэнкі

Як стала вядома назіральніку з Магілёва Барысу Бухелю, на прадпрыемстве ААТ “Ольса” працаўнікоў ліцейна-зборачнага цэху прымушалі падпісвацца за кандыдата ў прэзідэнты А. Лукашэнка.

Брэсцкая вобласць

У Баранавічах паведамілі пра тое, што выкладчыкаў падпісалі за вылучэнне Лукашэнкі без іх ведама. Факт быў апублічаны праз тэлеграм-канал belamova:

Як піша «Радыё Свабода», у настаўніцкім чаце пінскай гімназіі № 1 у вайберы дырэктар гімназіі Алег Анатолевіч Засім пакінуў паведамленне ўсім супрацоўнікам, каб усе прыйшлі на працу з пашпартамі:

«Паважаныя калегі! Пераканаўчая просьба ўзяць заўтра з сабой на працу пашпарты і зайсці да мяне ў кабінэт».

На просьбу Радыё Свабода пракамэнтаваць, чаму дырэктар гімназіі выкарыстоўвае адміністрацыйны рэсурс, Алег Анатолевіч вельмі эмацыйна прамовіў:

«Я нічога такога не рабіў і нічога каментаваць не буду».

На пярэчанне, што ў рэдакцыі ёсць скан ягонага паведамлення ў вайберы, Засім кінуў слухаўку.

Паведамляецца таксама, што ў Брэсцкай абласной дзіцячай бальніцы далі ўказанне сабраць 300 подпісаў за вылучэнне Аляксандра Лукашэнкі:

«Хто супраць, тым намякнулі пра непадаўжэнне кантракта. Таксама загадчыкам аддзяленняў, трэба падаць галоўдоктару спісы работнікаў, з указаннем хто паставіў подпіс, а хто адмовіўся. Вельмі шмат медсясцёр і санітарак на пенсіі, хто хоча яшчэ папрацаваць. Гэта асноўны кантынгент тых, хто падпісаўся. Сярод не пенсійнага персаналу жадаючых паставіць подпіс не шмат».

Гомельская вобласць

Назіральніца «Праваабаронцы за свадныя выбары» Алена Маслюкова паведаміла пра парушэнні ў Светлагорску пры зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатам дзеючага прэзідэнта.

Як ёй паведамілі, К. В. Пятроўскі, намеснік старшыні райвыканкама па ідэалагічнай рабоце, старшыня светлагорскай раённай камісіі ездзіць па мясцовых прадпрыемствах і збірае подпісы.

«На першым пасяджэнні камісіі, калі яго прызначалі, яго намесніца прагаварыла, што ўсе члены камісіі павінны быць нейтральнымі і ні за каго не агітаваць. Кіраўніцтва ў дзеянні», — распавядае Алена Маслюкова.

"Гэтыя факты прымусу — гэта найгрубейшае парушэнне Выбарчага кодэкса"

Нагадаем, выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурсу пры зборы подпісаў, а таксама ціск, прымус і заахвочванне пры зборы подпісаў за пэўнага кандыдата з'яўляецца парушэннем дзеючага заканадаўства. За гэта прадугледжана адміністрацыйная і крымінальная адказнасць.

Каардынатар кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзімір Лабковіч адзначыў у каментары TUT.BY, што факты парушэнняў не павінны замоўчвацца. На яго думку, менавіта публічнасць можа дазволіць пазбегнуць негатыўных наступстваў для чалавека, які падаў скаргу:

"На жаль, гэтая сітуацыя падобная з тым, што мы назіраем падчас загону студэнтаў, работнікаў дзяржпрадпрыемстваў, дзяржслужачых падчас датэрміновага галасавання, хоць гэта абсалютна незаконна, таму што ўдзел у выбарах у нас добраахвотны і вольны і выбаршчык сам, без якога-небудзь прымусу прымае рашэнне: удзельнічаць яму альбо не. Такая ж сітуацыя цяпер назіраецца і са зборам подпісаў. Але трэба разумець, што збор подпісаў у тым фармаце, у якім ён праходзіць, і ўсе гэтыя факты прымусу — гэта найгрубейшае парушэнне Выбарчага кодэкса, менавіта найгрубейшае. Гэта падстава для адмовы ў рэгістрацыі кандыдата ў прэзідэнты Лукашэнкі, таму што ў дадзеным выпадку мы назіраем тое, што подпісы збіраюць не сябры ініцыятыўнай групы, выкарыстоўваецца адміністрацыйны рэсурс, што наўпрост забаронена выбарчым заканадаўствам".

Праваабаронца лічыць, што такія факты павінны разглядацца пракуратурай і выбарчымі камісіямі:

"Мне, на жаль, зразумелы страх людзей, таму што за столькі гадоў у нас ужо ёсць пэўны жыццёвы вопыт або адчуванне таго, што любое такое супрацьстаянне, любое супрацьдзеянне можа ў той ці іншай ступені прывесці да наступстваў. Але на самай справе мы заклікаем людзей да публічнасці. Таму што менавіта публічнае агучванне такіх фактаў і іх дэманстрацыя, дзе людзі публічна заяўляюць: я стаў ахвярай такога адміністрацыйнага самавольства — як раз-такі і ёсць гарантыя таго, што ў адносінах да гэтых людзей не будзе ўзнікаць ніякіх прававых наступстваў. Наадварот, гэтую сістэму, безумоўна, трэба ламаць — менавіта тым, што мы кажам, што гэтыя факты недапушчальныя".

Ён нагадаў, што ў нядаўнім інтэрв'ю кіраўнік ЦВК Лідзія Ярмошына адзначыла, што калі такія факты ёсць, то «хай людзі звяртаюцца ў пракуратуру»:

"Вось яе парадзе можна паследаваць. Вядома, у першую чаргу гэта роля і абавязак пракуратуры — умяшацца і правесці праверку па факце парушэння выбарчага заканадаўства".

Збор подпісаў выбаршчыкаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь у Беларусі распачаўся 21 траўня і працягнецца да 19 чэрвеня ўключна.

Калі вы апынуліся ў падобнай сітуацыі, інфармуйце кампанію "Праваабаронцы за свабодныя выбары" па электроннай пошце Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.. Паведамляйце нам факты (дата і пасаду асобы, якая прымушае ставіць подпісы). Ананімнасць гарантуем. Ваша інфармацыя наблізіць наступ сумленных і свабодных выбараў.

Што рабіць, калі на вучобе або працы просяць "упісацца за кандыдата"?

Як адзначаюць праваабаронцы, у Беларусі выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурсу, калі на дзяржпрадпрыемствах і ў навучальных установах прымушаюць падпісвацца за пэўных кандыдатаў або асоб, якія вылучаюцца кандыдатамі, з'яўляецца адной з самых вялікіх праблем пры зборы подпісаў. Ці законна гэта і што рабіць у падобнай сітуацыі, распавёў юрыст Праваабарончага цэнтра "Вясна" Аляксей Лойка.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Крыніца: "Можна проста пашпартныя дадзеныя". Як збіраюць подпісы за вылучэнне Лукашэнкі