Грамадзянін Турцыі, курд Хіджры Мамаш Камітэт па правах чалавека ААН вынес пастанову аб часовых мерах да грамадзяніна Турцыі Хіджры Мамашы, якога Беларусь збіраецца выдаць у Турцыю, дзе яму пагражаюць катаванні. Гэта значыць, што КПЧ патрабуе ад беларускага ўрада прыпыніць перадачу Мамашы да разгляду скаргі па сутнасці ў Камітэце, піша humanconstanta.by.

Грамадзяніна Турцыі, курда Хіджры Мамашу затрымалі ў Беларусі ў ліпені 2019 года, абвінаваціўшы ў падробцы пашпарта. Яго планавалі дэпартаваць з Беларусі і забараніць ўезд на 5 гадоў. Мамаш падаў заяву аб міжнароднай абароне ў Беларусі, але яму адмовілі.

У красавіку генеральная пракуратура дазволіла яго выдачу на радзіму, дзе ён абвінавачваецца ў «замаху на адзінства і тэрытарыяльную цэласнасць дзяржавы». Хіджры сцвярджае, што ён не здзяйсняў такіх злачынстваў на тэрыторыі Турцыі і што яго пераследуюць па палітычных матывах з-за ўдзелу ў мірных акцыях і агітацыі моладзі ўступаць у дэмакратычную партыю народаў, членам якой ён сам з'яўляўся некаторы час.

"Праваабарончая арганізацыя Human Constanta, якая аказвае Хіджры Мамашу юрыдычную падтрымку, звярнулася ў Камітэт па правах чалавека з просьбай аб часовых мерах, і зварот быў задаволены. 11 траўня Камітэт паведаміў аб прымяненні да Мамашы часовых мер, што азначае патрабаванне да беларускім праваахоўным органам не высылаць Мамашу, па меншай меры да таго часу, пакуль яго скарга не будзе разгледжаная ў Камітэце. Камунікацыя Камітэта не азначае, што Мамашу не выдадуць — гэта рашэнне па-ранейшаму застаецца на меркаванне беларускага боку. Тым не менш, у нас ёсць пазітыўны прыклад, калі рашэнне Камітэта Беларусь выконвала і не выслала Мехрдада Джамшыдыяна", — распавядае Эніра Браніцкая, каардынатарка накіравання па абароне правоў чалавека замежных грамадзян і асоб без грамадзянства Human Constanta.

У панядзелак, 1 чэрвеня, у 12:00 у Мінскім гарадскім судзе адбудзецца судовае паседжанне, дзе будзе разгледжана скарга на рашэнне Генеральнай пракуратуры пра выдачу Хіджры ў Турцыю для крымінальнага пераследу.

Адвакат Хіджры Мамашы Арцём Калоша, як і Human Constanta, мяркуюць, што мужчыну нельга выдаваць Турцыі, бо там яму пагражаюць катаванні і палітычна матываваны пераслед. Акрамя таго, нават беларускі КДБ у заключэнні пра справу Хіджры прызнаў, што не знайшоў перашкод для аказання яму міжнароднай падтрымкі.

Human Constanta заклікае падпісаць петыцыю, з просьбай не выдаваць Хіджры Мамашу Турцыі. У пятніцу, 29 траўня гэтую петыцыю разам з рашэннем КПЧ плануецца накіраваць у Адміністрацыю прэзідэнта. Магчыма гэта адзіны шанец выратаваць Хіджры Мамашы жыццё.

Крыніца: Камітэт па правах чалавека ААН патрабуе не высылаць курда Хіджры Мамашу з Беларусі